• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вадзім Мажэйка: Чаму не варта давяраць ананімным каналам у Telegram

    Шчыльныя кантакты, змагарскі імідж ды дробка чароўнага пылу

    Колькі словаў пра тое, якая механіка Telegram-каналаў. Гэта па змаўчанні ананімнае аднабаковае медыя, дзе чытач не мае зваротнай сувязі нават на ўзроўні лайкаў, не тое што абмеркавання.

    Калі юзер усталяваў на свой смартфон ці іншы дэвайс аплікацыю месенджера Telegram ды падпісаўся на будзь-які канал, то ягоныя паведамленні прыходзяць аўтаматычна ў фармаце push-паведамленняў. То бок публікацыі на тэлеграм-каналах трапляюць да чытачоў у адным спісе з асабістымі паведамленнямі ад сяброў, новымі мэйламі і лайкамі ў Insta­gram — без аніякай ратацыі па знешнім алгарытме, як гэта адбываецца, напрыклад, з публікацыямі паблікаў у сацсетках.

    Яшчэ летась на канферэнцыі “Медузы” ў Маскве незалежныя расійскія медыйшчыкі папярэджвалі, што рана ці позна механізм push-паведамленняў трапіць пад мадэрацыю, бо ў цяперашнім выглядзе ён дазваляе дасылаць інфармацыю чытачам у самую прыватную прастору — “наступны этап хіба што інтэрфейс машына-мозг”. Безумоўна, такі механізм не толькі эфектыўны з пункту гледжання хуткасці дастаўкі кантэнту, але і падсвядома падвышае ўзровень даверу да атрыманай такім чынам інфармацыі.

    Гісторыя месенджера Telegram і ягонага заснавальніка Паўла Дурава таксама станоўча ўплывае на папулярнасць тэлеграм-каналаў. Айцішнік-наватар, інтэрнэт-прадпрымальнік ды лібертарыянец-мільярдэр, якога расійскія алігархі і спецслужбы выціснулі з радзімы, стварае ў выгнанні сучасную ды бяспечную праграму, што дазваляе абаронена камунікаваць паміж сабой людзям па ўсім свеце. На яго ціснуць з розных бакоў, расійскія ўлады спрабуюць заблакаваць Telegram — і церпяць паразу, а змагар Дураў не здаецца.

    Прыгожая гісторыя, да якой таксама, дарэчы, ёсць пытанні і сумневы — але не будзем паглыбляцца ў біяграфію Паўла Дурава. Галоўнае тут тое, што змагарскае аблічча месенджера на самой справе ніяк не звязанае з рэпутацыяй тэлеграм-каналаў, бо іх можа ствараць хто заўгодна і выкарыстоўваць у асабістых мэтах. Ды нават гандляваць імі.

    Just слізкі busi­ness

    “Незыгарь” — Telegram-канал з Расіі, які звычайна піша агульнапалітычныя чуткі ды плёткі. Ён пераважна спецыялізуецца на ўнутранай тэматыцы і да апошняга часу не звяртаў увагі на Беларусь. Як вынікае з назвы канала, вядзе яго не расійскі незалежны медыйшчык Міхаіл Зыгар, а хто — таямніца. Асноўныя версіі: яго выкупіла кампанія генеральнага дырэктара ТАСС за 20 мільёнаў расійскіх рублёў –— каля $ 340 тыс. на той момант (гэта сцвярджае вядомы расійскі блогер Ілля Варламаў) альбо канал вядзе супрацоўнік кампаніі праўладнага алігарха Вексельберга (сваю версію абгрунтоўвае папулярны журналіст Алег Кашын).

    Папулярнасці “Незыгаря” тым болей дзіўная, што канал не хавае — ён гатовы за грошы пісаць джынсу. Сродкі модныя — аплату прымаюць біткоінамі, але інструменты — тыя, што смярдзяць нафталінам ды дазваляюць называць некаторую журналістыку найстаражытнай прафесіяй, блытаючы яе з прастытуцыяй. Напрыклад, за 5 біткоінаў у квартал ($32 тыс. па сённяшнім курсе) “Незыгарь” гатовы штомесяц рабіць па дзесяць рэпостаў і апублікаваць тры арыгінальныя тэксты. А калі таксу падвоіць, то канал надрукуе што заўгодна і дзесяць раз.

    Ці то кантэнту пра Беларусь, за які заплачана авансам, не хапае, ці то “Незыгарь” проста не грэбуе любым смеццем пад нагамі, але досвед дэманструе, што на канале хто заўгодна можа надрукаваць свой палёт фантазіі — прынамсі пра Беларусь. Так і зрабіў спецыяліст па фэйкам, беларускі блогер Эдуард Пальчыс: ён напісаў для “Незыгаря” бздуру пра змову Ўладзіміра Макея і Зянона Пазняка з удзелам нават Хілары Клінтан (дзякуй што не марсіян). Высветлілася, што калі даслаць такое на пошту тэлеграм-канала, то тэкст надрукуюць без аніякіх зменаў. У прынцыпе, гэта ўсё, што трэба ведаць пра “інсайды” на беларускую тэматыку ў “Незыгаря”.

    Новыя старыя правілы

    Які ўрокі варта вывучыць на гэтым кейсе?

    За прывабным іміджам ды моднымі сродкамі камунікацыі не варта забывацца пра класічныя правілы і стандарты працы з медыя. Telegram-канал, відэаблогер ці нехта яшчэ больш сучасны — усе яны вылучаюцца са звыклай карціны медыясупольнасці. Але гэта не значыць, што ў дачыненні да іх не працуюць базавыя медыйныя нормы. Так, старыя правілы, распрацаваныя ўнутры прафесійнай супольнасці ў час папяровых газет і радыё на кароткіх ды доўгіх хвалях, варта перапрацоўваць, адаптаваць да інфармацыйнага веку, каб яны адпавядалі сучаснасці.

    Аднак без базавай медыйнай гігіены мы рызыкуем апынуцца ў асяродку junk news, фэйкаў, хлусні і маніпуляцыі — усяго таго, супраць чаго сапраўдныя незалежныя журналісты змагаліся ўсю сваю гісторыю.

    Інфармацыю варта правяраць як мінімум у двух незалежных крыніц, а не браць на веру асобнае паведамленне. Ананімная крыніца мусіць выклікаць падвойныя падазрэнні, бо пад маскамі часцей за ўсё хаваюцца не супергероі, а падманшчыкі ды маніпулятары. Сенсацыйныя паведамленні варта па змаўчанні ставіць пад сумнеў, асабліва калі замест доказаў на адкрытых крыніцах чытачу прапануецца не болей чым балбатня пад выглядам “зліваў з самага верху”. Гэта не надта арыгінальныя стандарты, але надзвычай актуальныя.

    P.S. Беларускі Telegram пакуль не спараджаў такіх грамадска-палітычных выбухаў, як “Незыгарь”, а самым папулярным каналам застаецца “Мерзкий Кокобай” (там сталічныя фудхантэры збольшага пішуць пра ежу ды грамадскае харчаванне). Аднак яго хутка наганяе “Беларусь головного мозга” — канал з грамадска-палітычнымі навінамі, які часам перамяжуюцца гумарам і рэкламай. Пры гэтым ягоны рост апошнім часам трымаецца ў тым ліку на прасоўванні ў расійскім тэлеграм-канале “Mash”: той рэгулярна публікуе эксклюзіў з месцаў здарэнняў, а працаюць там былыя супрацоўнікі пракрамлёўскага прапагандысцкага холдынгу “Life” (ён жа “Лайфньюс”).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці