“Прапаганда – пачварны шнар на твары сучаснай журналістыкі”
На рускай мове пабачыў свет дапаможнік “Прапаганда і свабода масавай інфармацыі”, падрыхтаваны Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.
Мэта гэтага дакумента – дапамагчы дзяржавам – удзельніцам АБСЕ ў распрацоўцы нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства, а таксама палітыкі ў дачыненні да распаўсюду прапаганды з‑за канфлікту ва Украіне і вакол яе.
Дуня Міятавіч – аўтарка прадмовы да кнігі – піша: “Феномен прапаганды ўвайшоў у наш свет з горшых часоў халоднай вайны. Гісторыя паўтараецца як фарс… Я лічу, што ў сучасным свеце новых тэхналогій, дзе мільёны людзей уцягнутыя ў журналістыку праз сацыяльныя сеткі, цяжар забеспячэння прафесійнай этыкі павінен легчы на плечы рэдактараў і іншых асоб, якія займаюцца фільтраваннем і адборам навін і інфармацыі. Я заклікаю рэдактараў і выдаўцоў, я заклікаю дзяржаўныя органы, якія валодаюць СМІ непасрэдна або праз пасярэднікаў, спыніць карупцыю ў прафесіі, спыніць імкненне зарабляць і заваёўваць ўплыў на крыві, мове варожасці і абмежаванасці мыслення. Прапаганда – гэта яшчэ адзін пачварны шнар на твары сучаснай журналістыкі…”
У кнізе разглядаюцца два віды прапаганды ў сучасным свеце. Першы – прапаганда вайны і нянавісці; яна патрабуе юрыдычных дзеянняў і захадаў у адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам па правах чалавека. Другі тып спалучае ў сабе ўсе астатнія віды прапаганды. Яна можа ісці насуперак прафесійным стандартам журналістыкі, аднак, як правіла, не парушае міжнароднае права.
Дапаможнік “Прапаганда і свабода масавай інфармацыі” разглядае спробы супрацьстаяння прапагандзе ў нацыянальным заканадаўстве, якое абмяжоўвае інфармацыйныя паведамленні замежных СМІ і іх прадстаўнікоў. Агляд дзеючых канстытуцый і нацыянальных заканадаўчых актаў паказвае, што існуючыя традыцыйныя прававыя інструменты па пакаранні за распаўсюд мовы варожасці недастаткова шырока выкарыстоўваюцца судовай уладай. У дакуменце таксама прыводзіцца некалькі выпадкаў прапаганды, якія разглядаліся органамі самарэгулявання журналістаў.
Дапаможнік прапануе набор інструментаў па вырашэнні звязаных з прапагандай праблем на заканадаўчым узроўні, а таксама лічыць эфектыўнымі наступныя інструменты:
- Умацаванне плюралізму СМІ і асуджэнне прапаганды як мовы, неадпаведнай дэмакратычнай дзяржаве і прафесіі
журналіста;
- Адмова ад дзяржаўных СМІ і падтрымка грамадскіх СМІ, якія выконваюць высокія прафесійныя стандарты;
- Развіццё міжнароднага і міжкультурнага дыялогу, дыялогу паміж журналістамі і прадстаўнікамі інтэлігенцыі, што павышае медыяадукаванасць і садзейнічае дэмакратыі;
- Спрыянне дзейнасці нацыянальных і міжнародных механізмаў па правах чалавека і свабодзе СМІ, спецыялізаваных органаў самарэгулявання і сумеснага рэгулявання, прафесійных арганізацый і незалежных маніторынгавых арганізацый;
- Развіццё адукацыйных праграм па медыя‑і інтэрнэт-пісьменнанасці;
- Самарэгуляванне СМІ, пры ўмове яго эфектыўнасці, павінна заставацца найбольш прымальным спосабам вырашэння прафесійных пытанняў, у тым ліку рэагавання на прапаганду вайны, нянавісці і дыскрымінацыі.