У Слоніме з’явілася новая газета
Першы нумар бясплатнай рэкламнай газеты “Реклама Сити” завезлі ў 24 крамы Слоніма і раёна ў сераду, 6 красавіка.
Змест новага выдання склалі рэклама, расклад руху гарадскога транспарту, праграма тэлеперадач, сканворд, некалькі інфармацыйных паведамленняў і крыху анекдотаў.
Заснавальнікам і выдаўцом газеты з’яўляецца ТАА “Андко плюс” з брэсцкім адарасам рэдакцыі, а галоўным рэдактарам “Рекламы Сити” пазначаны Уладзімір Вярэніч, які цяпер працуе загадчыкам адзела рэкламы брэсцкай раённай газеты “Зара над Бугам”. Раней Вярэніч рэдагаваў раёнку ў Брэсцкай вобласці “Навіны Камянеччыны”.
Аўтар гэтых радкоў звязаўся па тэлефоне з Уладзімірам Вярэнічам і папрасіў пракаментаваць, як так атрымалася, што ён, нядаўні былы галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты і дзейсны загадчык рэкламнага аддзела дзяржаўнай раёнкі, стаў яшчэ і галоўным рэдактарам прыватнай рэкламнай газеты.
— Я не хацеў бы гэта каментаваць. Мне паступіла такая прапанова — і я пагадзіўся, — сказаў Уладзімір Вярэніч.
Цікава, што ў Слоніме ў мінулым годзе пачала распаўсюджвацца прыватная рэкламная газеты “Мой раён” з гродзенскім адрасам рэдакцыі. Праўда, галоўны рэдактар гэтага выдання не працуе яшчэ і ў дзяржаўнай газеце.
Які лёс чакае гэтае выданне, пакажа час. А ў Слоніме такім чынам да прыватных грамадска-палітычнай “Газеты Слонімскай” з рэкламнай “Отдушиной”, рэкламнай газеты «Мой раён» і дзяржаўнага “Слонімскага Весніка” дадалася яшчэ і “Реклама Сити”.