Мінскі праграміст выйграў конкурс фатаграфіі National Geographic
Свой здымак Вячаслаў Мазай зрабіў пры дапамозе дрона.
6 студзеня на сайце часопіса National Geographic ў рамках рубрыкі Daily Dozen выбіралі лепшыя фатаграфіі з усяго свету. Сярод намінантаў быў здымак мінчука Вячаслава Мазая.
7 студзеня сталі вядомыя вынікі: фатаграфія Вячаслава перамагла з адрывам больш чым у 600 галасоў. Гэта значыць, што яе надрукуюць у часопісе National Geographic.
Вячаслаў не фатограф. Ён праграміст, а фатаграфаваннем займаецца ў вольны час. Гэты здымак Вячаслаў зрабіў па дарозе ад Кургана славы ў Раўбічы з дапамогай дрона. «Гэта быў кастрычнік або лістапад. Я здымаў з дрона, сам выстаўляў экспазіцыю, выбіраў ракурс», — распавёў ён CityDog.by.
Daily Dozen — намінацыя, якую часопіс National Geographic праводзіць кожны дзень сярод карыстальнікаў сайта. Штодня рэдакцыя выбірае 12 фотаздымкаў, якія публікуюцца на сайце для галасавання. Для таго каб паўдзельнічаць у конкурсе, у профілі ўдзельніка павінна быць хаця б адна фатаграфія.