Мытня аэрапорта “Мінск‑2” патрабуе 500 долараў за 40 кніг
З-за вялікага памеру мытнай пошліны, выстаўленай аэрапортам “Мінск-2”, 40 кніг пра беларускіх ветэранаў не трапілі на прэзентацыі супольнага беларуска-італьянскага праекту ў Мінску, Гомелі і Рэчыцы.
Як паведаміла Радыё “Свабода”, кнігу “Una luce per la Memoria, una luce per la Libertà” (“Святло ў імя памяці, святло ў імя свабоды”) з гісторыямі беларускіх ветэранаў, ахвяраў і сведак Вялікай Айчыннай вайны надрукавалі ў італьянскім горадзе Парма на італьянскай, рускай і беларускай мовах.
Зборнік праілюстраваны фотаздымкамі, якія паказваюць жыццё ветэранаў у сённяшняй Беларусі.
Паводле журналісткі Надзеі Калінінай, якая працавала над праектам, для прэзентацыі з Італіі ў Беларусь адправілі 40 асобнікаў. Але беларуская мытня запатрабавала выплаціць за кнігі мытную пошліну больш за 500 долараў – “грошы, якіх гэтыя кнігі і не каштуюць”.
«Мы ведалі, што існуе мыта, але не разлічвалі на такі вялікі яе памер, з улікам таго, што кнігі прызначаныя не для продажу і былі дасланыя на адрас юрыдычнай асобы. Але правілы такія — калі пасылка важыць больш за 30 кілаграмаў, то трэба плаціць вялікія грошы», – цытуе Надзею Калініну Радыё “Свабода”.
У выніку кнігі, праляжаўшы два месяцы на складзе мытні, вярнуліся ў Італію.
Цяпер Надзея Калініна ды італьянскія партнёры шукаюць іншых спосабаў даставіць кнігі ў Беларусь.
У мытні Нацыянальнага аэрапорта “Мінск‑2” Радыё “Свабода” адмовіліся каментаваць сітуацыю.