Штраф гомельскаму журналісту Кастусю Жукоўскаму — 30 базавых
20 студзеня суд Кармянскага раёна Гомельскай вобласці (суддзя Андрэй Аўсейцаў) разгледзеў адміністрацыйную справу журналіста Кастуся Жукоўскага і пастанавіў аштрафаваць яго на 30 базавых велічыняў (6 мільёнаў 300 тысяс рублёў).
Жукоўскага звінавацілі ў парушэнні парадку вырабу прадукцыі СМІ (працу без акрэдытацыі на замежны СМІ) па арт. 22.9 КаАП.
Справа тычылася затрымання незалежных журналістаў Кастуся Жукоўскага і Аркадзя Малыша ў райцэнтры Карма 22 снежня 2015 года. Пра суд і Жукоўскі, і Малыш даведаліся з смс-паведамленняў. Як высветлілася, апошняга выклікалі толькі як сведку.
Нагадаем: інцыдэнт здарыўся падчас падрыхтоўкі журналістамі відэасюжэта пра праблемы з водазабеспячэннем у горадзе.
Ініцыявала затрыманне Таццяна Вяркеенка, часовая выканаўца абавязкаў начальніцы аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Кармянскага райвыканкама. Яна сцвярджала, што перад вядзеннем здымкаў трэба падаць пісьмовую заяўку ў ідэалагічны адзел, які будзе прымаць рашэнне.
У міліцыі ў Жукоўскага і Малыша праверылі дакументы, апыталі і адпусцілі. А праз некалькі дзён маёр міліцыі Уладзімір Марозаў склаў у дачыненні да Жукоўскага адміністрацыйны пратакол паводле арт. 22.9 КаАП.
У судзе 20 студзеня маёр Марозаў таксама прысутнічаў. Адвакат журналіста спрабаваў высветліць у міліцыянта, якім чынам той прыйшоў да высновы, што сюжэт для “Белсата” стварыў менавіта Жукоўскі. Як вынікала з адказаў, маёр не звяртаўся да тэлеканала «Белсат» ні з пытаннем пра аўтарства, ні з пытаннем пра спосаб атрымання гэтага відэаматэрыялу.
Такім чынам, сёлета паводле арт. 22.9 КаАП беларускіх журналістаў штрафавалі ўжо тройчы, прычым усе тры разы — у Гомельскай вобласці.
14 студзеня Калінкавіцкі раённы суд аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на 35 базавых велічыняў (7 мільёнаў 350 тысяч рублёў) за парушэнне арт. 22.9 КаАП.
13 студзеня паводле таго ж артыкула суд Гомельскага раёна аштрафаваў Ларысу Шчыракову на 22 базавыя велічыні (4 млн 620 тыс. рублёў).