Суда ў Светлагорску не было – пратакол адправілі на дапрацоўку
6 красавіка гомельскіх журналістаў Кастуся Жукоўскага і Аркадзя Малыша выклікалі ў суд Светлагорскага раёна. Меркавалася, што там будзе разглядацца чарговы адміністрацыйны пратакол за “незаконны выраб і распаўсюд” прадукцыі СМІ.
Між тым, калі журналісты прыехалі на месца, сакратар суддзі Ірыны Прадун патлумачыла, што адміністрацыйны пратакол на іх накіравалі ў Светлагорскі РАУС на дапрацоўку. Фрылансерам пра гэта не паведамілі загадзя, і таму яны згубілі час і дарма праехалі 240 км. Жукоўскі пакінуў пра гэта скаргу ў кнізе заўваг і прапаноў.
У лютым на тэлеканале “Белсат” паказвалі сюжэт “Прыроднае бедства на Гомельшчыне” – пра масавы мор рыбы ў Сасноваборскім вадасховішчы Светлагорскага раёна. На скаргі тутэйшых рыбакоў ні арганізацыя, на балансе якой знаходзіцца штучны вадаём, ні мясцовыя чыноўнікі не рэагавалі. Міліцыя ж праводзіла расследаванне, але не мору рыбы – яна выяўляла, хто гутарыў з мясцовымі жыхарамі і хто падаў у інтэрнэт інфармацыю, якой скарыстаўся тэлеканал “Белсат”.