Журналіст Чудзянцоў у судзе расказаў пра сувязь з Аватаравым
Уладзімер Чудзянцоў даў Аватараву 100 даляраў, той купіў абмундзіраваньне.
Сёньня ў Фрунзенскім судзе Менску працягваецца працэс над Тарасам Аватаравым, жыхаром Наваполацку, які ваяваў у Данбасе ў складзе добраахвотніцкага корпусу «Правага сэктару».
На судзе дапыталі сьведку, журналіста і блогера Ўладзімера Чудзянцова. Той распавёў, што перапісваўся ў інтэрнэце з Аватаравым, які падпісваўся як «Посьпіх», потым — «Тарас Аватараў», а потым «Дук-Дук».
Як высьветлілася, асабіста Чудзянцоў і Аватараў пазнаёміліся ў верасьні 2015 году выпадкова на вуліцы. Аватараў пазнаў блогера па фатаздымку і паклікаў. У той момант Аватараў «заўважна кульгаў», ён сказаў, што ў яго ў назе аскепак. Потым яго зрабілі апэрацыю.
Пазьней Аватараў напісаў Чудзянцову і спытаў, ці мог бы ён дапамагчы «нашым хлопцам ва Ўкраіне».
Чудзянцоў паабяцаў дапамагчы і пры сустрэчы ў мэтро «Пушкінская» перадаў яму 100 даляраў. Праз 3 дні Аватарў даслаў справаздачу, дзе было ўказана, на што ён патраціў грошы, — купіў нейкае абмундзіраваньне.
Як сказаў Уладзімер Чудзянцоў, пра затрыманьне Аватарава ён даведаўся праз паведамленьне ў СМІ. Падчас размоваў пра набыцьцё зброі ён нічога не казаў.
«Гэта ня першы добраахвотнік з Украіны, якога я ведаю, і ён таксама быў адэкватны і нічога пра зброю не казаў», — сказаў сьведка Чудзянцоў.
Аватараў пытаньняў Чудзянцову не задаваў.
Добраахвотнік «Правага сектару», якога судзяць у Менску, хоча сустрэцца з кіраўніком КДБ