Скарына супраць «Правды»: інтэлігенцыя заклікала перанесці Дзень друку
Некалькі вядомых грамадскіх арганізацый, такія як Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз дызайнераў, Таварыства беларускай мовы, звярнуліся да ўладаў з прапановай пераносу святкавання Дня друку з 5 мая на 6 жніўня.
Святкаванне Дня друку 5 мая – гэта даніна савецкай традыцыі. Менавіта ў гэты дзень у 1912 годзе выйшаў першы нумар газеты «Правда».
«Гэта выглядае на недагляд ці непаразуменне, асабліва калі прыняць да ўвагі, што нават Дзень расійскага друку ў Расійскай Федэрацыі адзначаецца 13 студзеня і прымеркаваны да дня выхаду першага нумару газеты «Ведомости» ў 1703 годзе», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
У якасці альтэрнатывы ініцыятары прапануюць дату 6 жніўня – як прыклад даўніх традыцый беларускай друкарскай справы. Менавіта 6 жніўня 1517 года выйшла першая друкаваная кніга на старабеларускай мове. Намаганнямі Францішка Скарыны свет пабачыў «Псалтыр».
«У 2017 годзе беларуская грамадскасць будзе шырока адзначаць 500-годдзе беларускага друку. І тым больш мэтазгодным становіцца перанос Дня айчыннага друку, прафесійнага свята для супрацоўнікаў газет, часопісаў, кніжных выдавецтваў і друкарняў, на 6 жніўня. Такім чынам нарэшце перарвецца кур’ёзная завядзёнка дзеля гістарычна абумоўленай традыцыі», — падсумоўваюць аўтары ідэі.