Міністэрства інфармацыі не кажа, якія змены будуць унесеныя ў заканадаўства
21 красавіка падчас штогадовага паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даручыў Міністэрству інфармацыі распрацаваць новы закон у сферы кантролю інтэрнэту.
«Мы хочам, каб інтэрнэт кантраляваўся нейкай міжнароднай арганізацыяй па пэўных правілах. Калі гэтага не будзе, то кожная краіна будзе абараняць свае нацыянальныя інтарэсы самастойна. Зараз Ананіч ды іншыя займаюцца гэтым пытаннем. На стол мне павінны быць пакладзены законатворчыя ініцыятывы», — заявіў Лукашэнка.
На наступны ж дзень ГА “БАЖ” афіцыйна звярнулася ў Міністэрства інфармацыі з канкрэтнымі пытаннямі:
- Пра якія заканадаўчыя ініцыятывы канкрэтна ідзе гаворка?
- Якія нормы, што рэгулююць функцыянаванне нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, падлягаюць змене?
16 мая замест адказу на пастаўленыя канкрэтныя пытанні арганізацыя атрымала паведамленне, што зварот “прыняты да ведама”:
Старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец гаворыць, што адказ міністэрства не толькі парушае заканадаўства, але і вельмі нагадвае прыняцце паправак у закон “Аб СМІ” ў 2014 годзе.
— У 2014 годзе «Беларуская асацыяцыя журналістаў» таксама звярталася ў шэраг дзяржаўных органаў з пытаннямі аб распрацоўцы зменаў заканадаўства аб СМІ. Тады мы атрымалі афіцыйны адказ ад Міністэрства інфармацыі пра тое, што ў выпадку распрацоўкі такіх зменаў, журналісцкая супольнасць будзе запрошаная да іх абмеркавання.
Але гэтага так і не адбылося, а пра змены мы даведаліся толькі ў дзень іх прыняцця парламентам. Цяперашняя сітуацыя вельмі нагадвае 2014 год і таксама паказвае, як беларускія міністэрствы адказваюць на канкрэтныя пытанні ў зваротах да іх. Мы не пакінем гэты адказ Мінінфарма без увагі і абавязкова яго абскардзім, — гаворыць Андрэй Бастунец.