Міністэрства інфармацыі патрабуе тлумачэнняў ад рэдакцыі “Ганцавіцкага часу”
Некалькі дзён таму карэспандэнта “Ганцавіцкага часу” Мікіту Яраша выклікалі ў міліцыю, каб узяць з яго тлумачэнні па скарзе з Ганцавіцкага райвыканкама.
Як мы паведамлялі раней, кіраўніцтва раённай вертыкалі палічыла, што рэдакцыя газеты парушыла заканадаўства аб СМІ, размясціўшы на сваім сайце аўдыязапіс размовы Мікіты Яраша з намесніцай начальніка аддзела па ідэалагічнай працы Ірынай Бужан.
Скаргу ў раённую пракуратуру падала не сама спн. Бужан, а адзін з намеснікаў старшыні выканкама. З пракуратуры скаргу накіравалі на разгляд ў міліцыю.
Тым часам сама рэдакцыя “ГЧ” атрымала ліст з Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Ведамства патрабуе ад газеты тлумачэння адносна факту размяшчэння размовы М. Яраша з І. Бужан у адкрытым доступе ў інтэрнэце. Тэрмін выканання распараджэння – да 1 ліпеня 2016 г.
Варта адзначыць, што з моманту размяшчэння аўдыязапісу на сайце газеты прайшло ўжо амаль пяць месяцаў. Якія наступствы могуць чакаць газету пры такіх абставінах, пакуль невядома. Служба маніторынгу ГА “БАЖ” будзе сачыць за падзеямі.
Схаваны аўдыязапіс ў журналісцкай працы: юрыдычныя праблемы выкарыстання