• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Міжнародная амністыя»: Беларускія ўлады выкарыстоўваюць сеткі мабільных аператараў для падаўлення свабоды слова і іншадумства

    Беларускія ўлады выкарыстоўваюць тэлефонныя сеткі мабільных аператараў, якімі валодаюць найбуйнейшыя тэлекамунікацыйныя кампаніі свету, "для таго, каб задушыць свабоду слова і іншадумства". Пра гэта гаворыцца ў справаздачы праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя", апублікаванай 7 ліпеня.

    «Патэнцыйна бязмежнае, кругласутачнае, некантраляванае назіранне» робіць «знясільваючы эфект на актывістаў грамадзянскай супольнасці, ставячы пад рызыку іх штодзённую працу, у прыватнасці арганізацыю сустрэч па тэлефоне», адзначаюць аўтары справаздачы.

    «У краіне, дзе ўдзел у пратэстах або крытыка ў адрас прэзідэнта можа стаць прычынай арышту, нават пагроза, што за вамі сочаць, можа зрабіць практычна немагчымай працу актывістаў», — заявіў эксперт «Міжнароднай амністыі» Джошуа Франка.

    Як вынікае са справаздачы, тэлекамунікацыйныя кампаніі, уключаючы Telekom Aus­tria Group (уладальнік беларускага аператара мабільнай сувязі vel­com) і Turk­cell (кампанія life:)), падаюць уладам практычна неабмежаваны доступ да звестак сваіх кліентаў, як гэтага патрабуе беларускае заканадаўства.

    «Кампаніі, якія працуюць у Беларусі, павінны падаць уладам звесткі па першым патрабаванні. Такім чынам, калі КДБ, да прыкладу, хоча за кімсьці сачыць, няма неабходнасці прад‘яўляць судовую пастанову і прасіць кампаніі аб даванні доступу», — гаворыцца ў справаздачы.

    На тэлекамунікацыйных кампаніях, такім чынам, ляжыць «вялікая адказнасць». «Звычайна тэхналогіі ўмацоўваюць свабоду слова, але распаўсюджванне тэлекамунікацыйных тэхналогій у Беларусі ўзмацняе рызыку рэпрэсій, — адзначаюць у «Міжнароднай амністыі». — Жыццёва важна, каб тэлекамунікацыйныя кампаніі не дазвалялі выкарыстоўваць тэхналогіі для абуральнага ўварвання ў прыватнае жыццё і свабоду выказванняў».

    На думку экспертаў праваабарончай арганізацыі, «будучыня анлайн-свабоды залежыць ад таго, ці супраціўляюцца тэлекамунікацыйныя кампаніі выкліку, які кідаюць улады, пераступаючы межы прыватнасці і свабоды слова, або пакорліва пагаджаюцца з імі, каб абараніць свой прыбытак».

    У справаздачы таксама адзначаецца, што сілавыя ведамствы Беларусі маюць «свабодны, неабмежаваны, аддалены доступ як да тэлефонных і інтэрнэт-камунікацый карыстальнікаў у рэальным часе, так і да архіўных даных».

    «Міжнародная амністыя» адзначае, што справаздача падрыхтаваная на аснове больш чым 50 інтэрв‘ю з беларускімі праваабаронцамі, журналістамі, адвакатамі, прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі, тэхнічнымі экспертамі, — тымі, хто жыве ў Беларусі, а таксама тымі, хто вымушаны быў з‘ехаць з краіны ў перыяд паміж жніўнем 2015-га і маем 2016 года. «Гэта паказвае, як страх перад наглядам уплывае на прыватнае жыццё, свабоду мірных сходаў і асацыяцый», — адзначаюць праваабаронцы арганізацыі.

    Усе апытаныя «Міжнароднай амністыяй» заявілі, што знаходзяцца пад наглядам пастаянна.

    Такія простыя задачы, як пошук фінансавання для сваёй арганізацыі, правядзенне тэлефонных перамоў ці арганізацыя сустрэч, рызыкоўныя для актывістаў, якія асцерагаюцца, што іх персанальная або фінансавая інфармацыя можа быць выкарыстаная для іх судовага пераследу, дыскрэдытацыі або шантажу, гаворыцца ў справаздачы.

    Як адзначаецца ў справаздачы, беларускае заканадаўства абавязвае кампаніі рабіць іх сеткі сумяшчальнымі з сістэмай СОРМ (комплекс тэхнічных сродкаў і мер, прызначаных для правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у сетках тэлефоннай, рухомай і бесправадной сувязі і радыёсувязі). Гэта дае ўладам доступ да звестак нават без звароту да аператараў. Кампаніі таксама абавязаныя захоўваць даныя карыстальнікаў працяглы час.

    «Міжнародная амністыя» заклікае беларускія ўлады прывесці практыку назірання і сачэння ў адпаведнасць з міжнароднымі праваабарончымі стандартамі. Арганізацыя таксама заклікае тэлекамунікацыйныя кампаніі, якія працуюць у Беларусі, паведаміць сваім кліентам, што ўлады маюць кругласутачны доступ да іх даных.

    Начальнік прэс-службы Камітэта дзяржбяспекі Дзмітрый Пабяржын каментаваць заяву «Міжнароднай амністыі» адмовіўся.

    Звязацца з прадстаўніком мабільнага аператара vel­com пакуль не ўдалося, а ў кампаніі life 🙂 БелаПАН паабяцалі даць каментар на працягу дня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці