• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алег Манаеў абвінаваціў БТ у фальсыфікацыі «Прымату НІСЭПД»

    31 ліпеня ў праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» паказалі расьсьледаваньне «Прымат НІСЭПД». У рэпартажы сьцьвярджаецца, што сацыялягічныя дасьледаваньні, вынікі якіх пэрыядычна публікуе НІСЭПД (Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў), — гэта фэйк, а грошы, якія выдзяляюцца інстытуту замежнымі партнэрамі, забіраюць сабе яго кіраўнікі.

    Журналісты БТ заявілі, што яны прыйшлі да такой высновы на падставе дакумэнта з унутранай справаздачай НІСЭПД, які трапіў да іх выпадкова, а таксама на падставе інтэрвію зь людзьмі, якія, паводле дакумэнтаў інстытуту, бралі ўдзел у сацапытаньнях.
    Аналягічныя матэрыялы 1 жніўня былі апублікаваныя газэтай «СБ — Беларусь сегодня» і інфармацыйным агенцтвам БЕЛТА.

    Алег Манаеў, архіўнае фота

    Алег Манаеў, архіўнае фота

    Заснавальнік НІСЭПД Алег Манаеў, які зараз пражывае ў ЗША, выступіў з заявай, тэкст якой даслаў на «Радыё Свабода». У заяве вядомы прафэсар-сацыёляг сьцьвярджае, што «Спэцыяльны рэпартаж» БТ заснаваны на фальсыфікацыях і маніпуляцыях, уключаючы «прызнальныя паказаньні» людзей, так ці інакш зьвязаных з НІСЭПД:

    «Як робяцца падобныя фальсыфікацыі, у краіне і за мяжой даўно і добра вядома па шматлікіх „рэпартажах“, „інфармацыйных перадачах“, „аналітычных артыкулах“ і нават „фільмах“ (накшталт незабыўнага „Дзеці хлусьні“), замоўцамі, а часам і аўтарамі якіх зьяўляюцца прадстаўнікі ўлады, перш за ўсё спэцслужбы. Як выбіваюцца падобныя „прызнальныя паказаньні“, таксама добра вядома — досыць нагадаць прыклады масавых арыштаў і наступных публічных „выкрыцьцяў“ лідэраў апазыцыі і нават кандыдатаў у прэзыдэнты пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 года. Таму камэнтаваць, разьбіраць „па пунктах“ гэты „спэцыяльны рэпартаж“ ня мае сэнсу.

    Рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць НІСЭПД маюць доўгую і „багатую“ гісторыю, якая ўключае публічныя абвінавачваньні ў працы на заходнія спэцслужбы і ўдзел у змовах апазыцыі супраць улады, сфальсыфікаваныя „выкрыцьці“, ператрусы КДБ, судовыя працэсы, звальненьні з працы, канфіскацыі, ліквідацыі, выгнаньне з краіны і нават арышты, у якіх удзельнічалі шматлікія праваахоўныя органы і афіцыйныя асобы, уключна з кіраўніком дзяржавы».

    Далей у сваёй заяве заснавальнік НІСЭПД прафэсар Манаеў выказвае меркаваньне, у чым галоўная прычына такіх дзеяньняў улады:

    «Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму інстытут зьяўляецца адной зь нешматлікіх крыніц абʼектыўнай, непрадузятай інфармацыі аб тым, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, вобразна кажучы, „люстэркам“, у якое можа „глядзецца“ і ўлада, і апазыцыя, і ўсё грамадзтва. У адрозьненьне ад дзяржаўных службаў, НІСЭПД, нягледзячы на рэпрэсіі, заўсёды імкнуўся забясьпечыць максымальны кантроль якасьці сваіх дасьледаваньняў, а таксама максымальную адкрытасьць іх вынікаў».

    На думку прафэсара Манаева, чарговую спробу спыніць дзейнасьць НІСЭПД улады прымеркавалі да маючых адбыцца парлямэнцкіх выбараў:

    «Паколькі НІСЭПД на працягу многіх гадоў праводзіць поствыбарныя апытаньні і шырока распаўсюджвае іх вынікі (колькасьць публікацый у СМІ са спасылкамі на яго вырасла з 25 у 1992 годзе да 3200 у 2015 годзе, значна разыходзяцца з афіцыйнымі вынікамі, ягоная далейшая дзейнасьць успрымаецца ўладамі як прамая пагроза сваім інтарэсам.

    Заключны пасаж новага „спэцыяльнага рэпартажу“ Беларускай тэлевізіі аб тым, што „атрыманыя ў ходзе расьсьледаваньня матэрыялы будуць перададзеныя ў праваахоўныя органы“, а таксама намёк на „мэдыйнага эксклюзіўнага атрымальніка інфармацыі ад НІСЭПД“ кажуць пра тое, што ўлады рыхтуюць чарговую гучную „справу“ з мэтай пазбавіць беларускае грамадзтва і міжнародную супольнасьць абʼектыўнай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў нашай краіне, і ў канчатковым выніку працягваць стары курс у „новай форме“».

    Прафэсар Манаеў падкрэсьлівае, што бальшыня супрацоўнікаў НІСЭПД, у тым ліку і тыя, хто займаецца апытаньнямі грамадзкай думкі, зьяўляюцца сапраўднымі прафэсіяналамі і годнымі людзьмі, працаваць зь якімі заўсёды было гонарам для яго. Ён таксама выказвае надзею, што НІСЭПД знойдзе іншыя формы працягваць сваю дзейнасьць і выконваць сваю місію.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці