“Справа жыцця” — знакамітыя гродзенцы ў фотапраекце Алеся Кузаса
Партрэты выбітных гродзенцаў прадстаўленыя на выставе “Справа жыцця” фатографа Аляксандра Кузаса.
На вялікіх фотаздымках паказана жыцце і праца вядомых ў горадзе асобаў Януша Паруліса, Евы Багдановіч, Сяргея Фінскага, Уладзіміра Кіслага ды іншых.
— На гэтых фота — выключна гарадзенцы: у сваіх прафесіянальных мастэрнях, на працоўным месцы, у сваіх інтэр’ерах, дзе яны праводзяць большую частку жыцця. Яны аб’яднаныя на гэтых фота толькі любоўю да сваёй прафесіі, — распавёў пра ідэю праекту фатограф Алесь Кузас.
Апроч фота Алесь падрыхтаваў і кароткія біяграфіі сваіх героеў.
«Гэтая выстава важная для гораду, бо многія выбітныя людзі не надта публічныя. І для звычайнага гараджаніна будзе прыемна ўбачыць на здымках тых, хто ўплываее на культурнае, грамадскае жыццё. Цікава паглядзець на іх твары, а таксама пабачыць, дзе яны працуюць», — гаворыць гродзенскі фатограф Аляксандр Саенка.
На адкрыццё выставы завіталі самі героі фотапраекту, а таксама журналісты і культурныя дзеячы гораду.