• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Галоўнага рэдактара «Бабруйскага кур’ера» западозрылі ў дармаедстве і даслалі апавяшчэнне пад нумарам 1937

    Галоўны рэдактар «Бабруйскага кур'ера» Анатоль Санаценка знайшоў у сваёй паштовай скрыні апавяшчэнне ад Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па г. Бабруйску. Пад «сімвалічным» нумарам 4-4-15/1937.

    Кіраўніку незалежнага выдання прапануецца «у самыя кароткія тэрміны» з’явіцца ў падатковую інспекцыю для дачы тлумачэнняў.

    Бабруйскіх падаткавікоў цікавіць «пытанне ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў» Анатоля Санаценкі.

    Як пракаментаваў службе маніторынгу БАЖ гэты факт галоўны рэдактар «БК», у цяперашні час ён з’яўляецца кіраўніком выдавецкай фірмы — прычым, узначальвае яе з траўня 2003 года.

    “Акрамя гэтага, — кажа Анатоль Санаценка, — з верасня 2012 года я з’яўляюся членам творчага саюза, а менавіта Саюза беларускіх пісьменнікаў. А са снежня 2014 — стаў членам яшчэ адной творчай пісьменніцкай арганізацыі — Беларускага ПЭН-цэнтра.

    Гэты факт я не хаваю, ён, так бы мовіць, шырока вядомы «грамадскасці», паколькі інфармацыя аб гэтым змяшчаецца ва ўсіх маіх «біяграфічных даведках» — і на сайце «БК», і на маіх старонках у сацсетках. Але бабруйская падатковая інспекцыя, як можна меркаваць па апавяшчэнню, што прыйшло на мой хатні адрас, гэтага ва ўпор не бачыць.

    Давядзецца цяпер уступаць у непатрэбную перапіску, тлумачыць работнікам ІМПЗ, што іх антыканстытуцыйныя патрабаванні, — кажучы вобразна, заплаціць пошліну за права пражывання ў краіне, — «міма касы»».

    «Мой статус як галоўнага рэдактара, дырэктара фірмы і пісьменніка, сябра творчага саюза, не падпадае пад іх патрабаванні, якія, між тым, ідуць насуперак артыкулу 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У гэтым артыкуле гаворыцца аб праве грамадзян на працу, — аб праве, а не абавязку», – тлумачыць кіраўнік «Бобруйского курьера».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці