Жыхар Калінкавічаў звярнуўся ў пракуратуру з просьбай заблакаваць дзейнасць «Рэгнума» ў Беларусі
«Наша Ніва» раней прыводзіла сціслы пераказ артыкула, апублікаванага расійскім інфармацыйным агенцтве «Рэгнум», у якім Беларусь называецца «звар'яцелай недадзяржавай», беларуская нацыя — выдуманай, а мова — штучнай.
Рэакцыя на матэрыял пайшла далей за каментарыі пад ім — жыхар Калінкавічаў Дзяніс Рабянок напісаў заяву ў пракуратуру з просьбай завесці ў адносінах аўтара матэрыяла крымінальную справу, а «Рэгнум» — заблакаваць у Беларусі.
«Абразілі маю годнасць як чалавека і беларуса, — патлумачыў «Нашай Ніве» Дзяніс. — У артыкуле адкрытым тэкстам кажуць, што беларусы — гэта нават не народ, а мова — дыялект, які не цягне на асобную мову. Мой дзед прайшоў фінскую і Айчынную вайну, ад 1939 да 1945, я гавару па-беларуску, а яны будуць называць мяне ўнукам паліцая і русафобам? Матэрыялы такога кшталту распальваюць варожасць! Сцвярджэнне «Беларусь — звар’яцелая недадзяржава, большасць насельніцтва якой хоча у РФ» — што гэта калі не інфармацыйная вайна супраць нашай краіны?»
Таксама Дзяніс кажа, што гісторыя ўжо ведала прыклады, калі асобныя колы людзей разважалі пра «нізкае паходжанне» іншых і крытэрыі яго вызначэння.
«Я прашу генеральнага пракурора завесці справу па 130 артыкуле Крымінальна Кодэкса і зрабіць запыт у міністэрства інфармацыі, каб яны заблакавалі доступ да гэтага рэсурса ў Беларусі», — падсумаваў мужчына.