• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пачала працаваць электронная кнігарня arche.by

    У апошні дзень кастрычніка нарэшце запрацавала электронная кнігарня arche.by. Праца над ёй ішла багата гадоў.

    Новы сайт часопіса і выдавецтва ARCHE быў даступны для агляду ад 1 снежня 2015 года. Але сам функцыянал, г.зн. яго ўнутранае ўладкаванне, яшчэ былі далёкія ад працоўнай кандыцыі.

    Вось пералік функцый, якія прапануе каманда ARCHE:

    ● На сайце вы знойдзеце ўсе часопісы і кнігі, выдадзеныя з самага пачатку праекту, г.зн. з 1998 года. Гэта больш за 130 нумароў ARCHE і амаль 100 кніг.

    ● Насамрэч электронных кніг на сайце значна болей (іх колькасць перавысіла адзнаку ў 200 адзінак). Гэтак сталася таму, што на старонках часопіса “ARCHE” часта друкаваліся цэлыя кнігі (часам ажно на 200 ці 300 старонак), якія пасля так і не былі перавыдадзены асобным выданнем.

    ● Публікацыі выдавецтва ARCHE даступныя не толькі ў выглядзе цэлых нумароў ці кніг, але і паасобных артыкулаў. Цяпер на сайце вы знойдзеце амаль 6 000 артыкулаў, якія былі апублікаваны ў выпусках часопіса ці кнігах. Мы зрабілі так для таго, каб вы маглі набываць патрэбны вам канкрэтны артыкул, не купляючы ўсяго выдання.

    ● На сайце кнігарні прадстаўлены тэксты амаль 2 000 аўтараў. Збольшага гэта грунтоўныя публікацыі з асноўных галін гуманітарнай навукі – гісторыі, мовазнаўства, літаратуразнаўства, паліталогіі, сацыялогіі ды г.д.

    ● Цэны ў кнігарні ARCHE вагаюцца ад 2 BYN (паасобны артыкул аб’ёмам да 20 старонак) і 11,90 BYN (цэлы нумар або кніга, незалежна ад аб’ёма, які можа сягаць і 1 500 старонак). Такая цанавая палітыка тлумачыцца ў тым ліку той акалічнасцю, што сістэмы аплаты, да якіх падлучаны наш сайт, не прапускаюць плацяжы, меншыя за 2 BYN. Цяпер на сайце працуюць сэрвісы https://webpay.by і https://ssl.easypay.by. Вы можаце разлічыцца карткамі Белкарт, Visa, Mas­ter­card, або электроннымі грашыма Easy­Pay. Аплату можна зрабіць з хоць-якога пункту свету: у нас ужо былі аплаты з Вялікабрытаніі, Польшчы і Расіі.

    ● Увесь наш кантэнт (а гэта амаль 6 000 публікацый) даступны ў фармаце PDF. Частка кантэнту (болей за 1 000 публікацый) даступная таксама ў фармаце EPUB 3.

    ● Мы абараняем свой кантэнт ад несанкцыянавага капіявання і перадачы трэцім асобам пры дапамозе сістэмы DRM (“Dig­i­tal Rights Man­age­ment”). Гэта азначае, што калі вы набудзеце публікацыю на сайце ARCHE, яна будзе даступнаятолькі вам. Вы не зможаце перадаць файл сябрам ці знаёмым або выставіць у адкрыты доступ.

    ● Не ўсе публікацыі, выкладзеныя на нашым сайце, прызначаныя для платнага прагляду. Нямала публікацый (гл. https://arche.by/free_publications) можна спампаваць і праглядзець бясплатна.

    ● Мы выклалі на сайт усе ілюстрацыі да часопісаў і кніг выдаецтва ARCHE, якія захаваліся ў нашых архівах. Паводле падлікаў, іх не меней за 20 000 адзінак.

    ● Электронная кнігарня https://arche.by гандлюе не толькі электроннымі выданнямі. Вы таксама можаце заказаць і аплаціць праз гэты сэрвіс папяровыя выданні, якія вам прыглянуліся. У прыватнасці, вы можаце аплаціць папяровае выданне на сайце авансам, а мы даставім яго вам поштай ці кур’ерам. У такім выпадку атрымаеце ад нас зніжку 50 % ад кошту дастаўкі поштаю пры накладзеным плацяжы або кур’ерам пры разліку на месцы. Вы таксама можаце аплаціць авансам на сайце папяровае выданне, а пасля забраць яго самавывызам.

    Гэтая опцыя будзе зручная для тых, хто не любіць важдацца з папяровымі грашыма.

    Дарэчы, пры аплаце заказу па факце (кур’ер або самавываз) цяпер можна разлічыцца як гатоўкаю (наяўнымі грашыма), так і банкаўскаю карткаю.

    ● Мы працягваем працу над сайтам і спадзяёмся, што неўзабаве будуць даступныя новыя функцыі, у тым ліку электронная падпіска. Таксама плануем да канца году падключыць дадатковыя сістэмы аплаты (raschet.by і Web­Money).

    «Цяперашні сайт кнігарні ARCHE па-свойму ўнікальны для нашага рэгіёну. Без ілжывай сціпласці скажам, што нічога падобнага няма ў іншых выданняў такога профіля ў Беларусі, а мо’ яшчэ дзе паблізу.

    Спадзяёмся, што новыя магчымасці, якія ён адкрывае, прыйдуцца даспадобы нашым чытачам. Але пакуль просім вас з разуменнем паставіцца да магчымых праблемаў ці памылак, які непазбежныя ў кожным тэхнічна складаным праекце.

    У разе пытанняў тэлефануйце на нумары (29) 550–79-69, (29) 724–54-56, (29) 624–54-56 або лістуйце на адрас dastauka@arche.by, support@arche.by», — звяртаецца рэдакцыя ARCHE да сваіх чытачоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці