“Газеце Слонімскай” не дазволілі правесці “Сустрэчу з родным словам” у бібліятэцы
Рэдакцыя “Газеты Слонімскай” разам з дзіцячым пісьменнікам са Слоніма Аляксеем Якімовічам падрыхтавала ў лістападзе мерапрыемства для малодшых школьнікаў “Сустрэча з родным словам”. Аднак райвыканкам заявіў, што правесці сустрэчу ў гарадской бібліятэцы "не прадстаўляецца магчымым".
У імпрэзе пагадзіліся ўдзельнічаць вучні 4‑га класа адной са школ горада і іх бацькі.
Сустрэчу планавалі правесці ў гарадской дзіцячай бібліятэцы, дзе звычайна праводзяцца такія мерапрыемствы, 19 лістапада. Кіраўніцтва ўстановы было не супраць, але параіла рэдакцыі звярнуцца з адпаведнай заявай у аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах з моладзі райвыканкама. Што і было зроблена.
І вось днямі галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук атрымаў з райвыканкама афіцыйны адказ на свой запыт за подпісам начальніка ідэалагічнага аддзела Натальі Юнчыц.
“…У лістападзе ў бібліятэцы запланавана правесці шэраг мерапрыемстваў рознабаковай тэматыкі: інфармацыйна-пазнавальныя гадзіны, інтэлектуальныя гульні, кніжныя выставы і г.д., — чытаем пра планы на лістапад і далей. — У бібліятэцы з 2 лістапада па 3 снежня 2016 года праходзіць акцыя-конкурс дзіцячага малюнка “Мой любімы мультгерой”, а з 4 па 31 снежня 2016 года ў чытальнай зале бібліятэкі будзе арганізавана выстава малюнкаў, якія ўдзельнічаюць у акцыі-конкурсе. Зыходзячы з вышэйсказанага, паведамляем, што правядзенне акцыі “Сустрэча з родным словам”, прапанаванай Вамі, у філіяле “Гарадская дзіцячая бібліятэка” не прадстаўляецца магчымым”. Канец цытаты.
Даведаўшыся пра такі паварот справы, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Якімовіч паспрабаваў высветліць, якое канкрэтна мерапрыемства перашкодзіла яго сустрэчы з маленькімі чытачамі ў дзіцячай бібліятэцы ў вызначаны час 19 лістапада.
— Пасля маіх настойлівых патрабаванняў, у бібліятэцы мне мне сказалі, што ў гэты час у іх запланавана акцыя для гімназістаў па кніжцы рускага пісьменніка Волкава “Чараўнік ізумруднага горада”. Пачуўшы такое, я звязаўся па тэлефоне са знаёмым чыноўнікам з Гродзенскага аблвыканкама і распавёў пра сітуацыю. Атрымліваецца, кажу, што нейкі рускі Волкаў у маім родным Слоніме больш важная персона, чым тутэйшы беларускі пісьменнік Якімовіч? І гэта адбываецца ў год беларускай культуры, цягам якога, дарэчы, мяне не запрасілі ні на адно культурнае мерапрыемства ў горадзе!.. Чыноўнік той (не хачу называць яго прозвішча) адразу сказаў, што зараз жа патэлефануе ў Слонім, там падкарэктуюць працоўны план мерапрыемстваў у бібліятэцы і мая сустрэча з дзецьмі адбудзецца, як і было запланавана. Але як толькі пачуў, што сустрэчу нашу арганізуе “Газета Слонімская” — адразу даў задні ход і сказаў, што нікуды тэлефанаваць не будзе. Мае аргументы, што “Газета Слонімская” мае адпаведную дзяржаўную рэгістрацыю і ліцэнзію ды працуе ў межах беларускага заканадаўства, а размова на гэтай сустрэчы з дзецьмі будзе весціся выключна пра беларускую літаратуру і беларускую кніжку, пра беларускую культуру, пра родную мову, а зусім не пра палітыку, на яго ніяк не падзейнічалі… У Слоніме датэлефанаваўся я да намесніцы старшыні райвыканкама Кацярыны Руткоўскай. На маё пытанне, чаму не дазволілі правесці наша мерапрыемства ў бібліятэцы, чыноўніца сказала толькі, што будзе з гэтым разбірацца, — расказаў пра свае намаганні ў гэтай гісторыі Аляксей Якімовіч.
Тым часам рэдакцыя “Газеты Слонімскай” набыла ў падарунак школьнікам 20 асобнікаў новай кнігі Аляксея Якімовіча “Жалезны чалавек” і шукае альтэрантыўнае месца для сустрэчы з маленькімі чытачамі і іх бацькамі.
Варта нагадаць, што ў жніўні 2016 года мясцовыя ўлады не дазволілі рэдакцыі “Газеты Слонімскай” правесці рэкламную акцыю і рэдакцыйную імпрэзу ў цэнтры горада з нагоды выхаду ў свет 1000-га нумару газеты.
Фота з архіва аўтара