• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Бабруйскі гарвыканкам сышоў у «глухую абарону»?

    Амаль дэтэктыўная гісторыя, з крымінальным падтэкстам, адбываецца ў гэтыя дні ў Бабруйску.

    Аддзел па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Бабруйскага гарвыканкаму не адказаў у належны тэрмін на ліст кіраўніка незалежнай бабруйскай газеты Анатоля Санаценкі.

    5‑га кастрычніка 2016 году кіраўнік «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка адправіў у аддзел па працы са зваротамі Бабруйскага гарвыканкама ліст. У ім ён, апроч іншага, прасіў ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін даць адказ на пытанні і прапановы, выкладзеныя ў яго звароце.  

    Ліст быў заказным. На руках у Анатоля Санаценкі засталася паштовая квітанцыя аб адпраўленай карэспандэнцыі.

    Але прайшло амаль паўтара месяца — рэдактар так і не дачакаўся адказу з выканаўчага камітэта.

    «У юрыдычным дачыненні гэта вельмі цікавая сітуацыя. Той орган улады, які працуе са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, сам жа парушае заканадаўства, якім рэгламентуецца гэтая праца. Збіраюся звярнуцца туды паўторна. Даць ім некалькі дзён для адказу. Калі не адрэагуюць і ў гэты раз — прыйдзецца звяртацца ў кантралюючыя органы, якія сочаць за выкананнем заканадаўства», — кажа галоўны рэдактар «БК».

    Між тым падставай для звароту Анатоля Санаценка стаў, у сваю чаргу, ліст з вышэйпаказанага аддзела Бабруйскага гарвыканкама, атрыманы рэдактарам 4‑га кастрычніка 2016 г. г. па сваім хатнім адрасе.

    У ім змяшчалася патрабаванне — да 6‑га кастрычніка даць справаздачу з нагоды разгляду ім як кіраўніком «БК» ліста ад Ю. В. Васілені.

    Нагадаем, пасля выхаду на сайце «Бобруйского курьера» некалькіх раздзелаў з сатырычнага рамана Анатоля Санаценкі «Бабруйск і яго жЫвёлы, або Неверагодныя прыгоды Вацлава Прынцыпу ў краіне, дзе перамог ідыятызм» першы сакратар Бабруйскай гарадской арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) Юрый Васіленя даслаў аўтару твора пісьмовае патрабаванне — зняць з сайта гэтыя публікацыі і папрасіць прабачэння.

    Лістоў было два: адно — у жніўні, другое — у канцы верасня 2016 г. Па тэксце і сэнсу — яны ідэнтычныя адзін аднаму.

    Але вось першы ліст, на канверце, быў падпісаны іншым чалавекам! Актывістам мясцовай арганізацыі КПБ Артурам Селязнёвым, а не Васіленем. (Пасля, пры размове з А. Селязнёвым, высветлілася, што ён не толькі не пісаў ніякіх лістоў да рэдактара «БК», але нават і не ў курсе ўсёй гэтай гісторыі, — не чытаў публікацый на сайце, не мае прэтэнзій і г.д.).

    Анатоль Санаценка ва ўстаноўлены тэрмін даў адказ на атрыманы ім зварот. Адправіўшы свой адказ на адрас офіса Бабруйскай арганізацыі КПБ (адрас, пазначаны на канверце).

    Але галоўны камуніст Бабруйска не стаў яго атрымліваць. Замест гэтага ён напісаў другі ліст кіраўніку «БК» — ужо пад сваім імем, а назаўтра паскардзіўся ў аддзел па зваротах Бабруйскага гарвыканкама: маўляў, першы ягоны зварот ня быў разгледжаны рэдакцыяй у месячны тэрмін.

    Даўшы адказ гарвыканкаму, патлумачыўшы сітуацыю, рэдактар «БК», у сваю чаргу,  папрасіў орган улады – даць прававую ацэнку фактычнай падробцы і фальсіфікацыі з боку Ю. Васілені (ліст на імя А. Санаценка, за сваім подпісам, ён адправіў 28.09.2016 г., а Бабруйскі гарвыканкам праінфармаваў, што зрабіў гэта 11.08.2016 г., — хоць на канверце таго ліста пазначана імя іншага чалавека — А. Селязнёва).

    Акрамя гэтага, Васіленем як службовай асобай партыйнай арганізацыі было дапушчана распаўсюджванне недакладнай інфармацыі пра кіраўніка СМІ. А ў яго «патрабаваннях» да Анатоля Санаценка як журналіста і рэдактара ёсць прыкметы цэнзуры і перашкоджання законнай прафесійнай дзейнасці (арт. 198 КК РБ). На што кіраўнік «Бобруйского курьера» таксама звяртаў увагу мясцовага выканаўчага камітэта ў сваім звароце.

    Адказу рэдактар і пісьменнік не дачакаўся. Магчыма, Бабруйскі гарвыканкам цяпер адказвае толькі на тыя звароты, якія яму падабаюцца. А ў дачыненні да іншых — сыходзіць у «глухую абарону».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці