• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Віцебску абмеркавалі праект зменаў у этычным кодэксе ГА “БАЖ” і падсумавалі вынікі дзейнасці за 2016 год

    У традыцыйным выніковым сходзе віцебскай філіі ўзяў удзел Анатоль Гуляеў, кіраўнік камісіі ГА “БАЖ” па этыцы. Бажаўцы выслухалі прапановы наконт зменаў у этычным кодэксе, распрацаваныя камісіяй, і прапанавалі свае дапаўненні.

    Напрыклад, віцебскія журналісты выказалі меркаванне, што варта дадаць у дакумент пэўныя палажэнні, якія датычацца парушэння аўтарскіх правоў. Даволі вострым было абмеркаванне наконт магчымасці штрафаваць парушальнікаў этычнага кодэксу. Дыскусіі разгарэліся і па пытанні, ці варта разглядаць  выказванні з ужываннем абсцэннай лексікі  ў сацыяльных сетках як парушэнні Кодэксу журналісцкай этыкі. Былі прааналізаваны канкрэтныя выпадкі, якія нядаўна разглядала камісія па этыцы.

    Абмеркаванне было плённым: Анатоль Гуляеў  прапанаваў віцебскім бажаўцам звяртацца ў камісію са сваімі прапановамі. І несумненна — як толькі імі будуць заўважаныя парушэнні этычнага кодэксу. Пісаць звароты варта нават тады, калі справа не тычыцца заяўніка асабіста, каб канкрэтны выпадак быў зафіксаваны камісіяй, і яе сябры вырашалі, як далей працаваць з кожным канкрэтным кейсам.

    Будаваць далейшыя планы, а таксама падсумоўваць вынікі працы віцебскія бажаўцы сёлета вырашылі нетрадыцыйна — дзеля гэтага была распрацаваная адмысловая апытанка для сябраў ГА “БАЖ”. Кожны меў магчымасць і выступіць з прапановамі на будучыню, і выбраць адзін ці некалькі адказаў з пераліку таго, што  было зроблена ў гэтым годзе. На прапанаваныя пытанні «Асвятленне якой тэмы журналістамі-бажаўцамі было найбольш яскравым і паўплывала на сітуацыю ў рэгіёне?» і «Якія імпрэзы віцебскіх бажаўцаў мелі найбольшы рэзананс і зрабілі станоўчы ўплыў на жыхароў горада?» журналісты адказвалі ананімна. Гэтаксама ананімна падчас сходу былі агучаны вынікі  і прапановы. 

    У якасці самай уплывовай тэмы калегі назвалі асвятленне грамадскага канфлікту вакол Парка партызанскай славы: дзеля будаўніцтва копіі полацкага Сафійскага сабора там меркавалася высекчы дрэвы, супраць чаго масава пратэставалі жыхары Віцебска. На сёння будаўніцтва спыненае, і парку пакуль што нічога не пагражае. Таксама былі адзначаныя яшчэ некалькі тэм, развіццё якіх скончылася пазітыўна: гэта сітуацыя вакол помніка архітэктуры 18-га стагоддзя ў Оршы, які сёлета, пасля неаднаразовага ўздымання гэтай тэмы ў прэсе, нарэшце накрылі грунтоўным дахам; рамонт помніка літары «Ў» у Полацку, нарэшце зроблены таксама пасля шматлікіх згадак пра праблему ў СМІ; праблема ўтрымання гадаванцаў у прытулку для бадзяжных жывёлаў — дзякуючы таму, што гэтая тэма ўвесь час на слыху ў гараджан, жыхары Віцебска заўжды адгукаюцца на просьбы дапамагчы прадуктамі і медыкаментамі.

    Адказваючы на пытанне, якія «бажаўскія» імпрэзы мелі найбольшы рэзананс у горадзе, большасць выбрала  варыянт «Стварэнне выставы і дакументальнага фільма «Выбар Барыса Хамайды». Шмат галасоў набралі  варыянты адказу «Падтрымка  міжнароднай акцыі салідарнасці «Станем за журналістыку», «Удзел фатографаў-БАЖаўцаў у гарадскіх конкурсах і фотавыставах» і «Напаўненне старонкі «Віцебск. Нашы ў горадзе» ў Face­book. Дарэчы, падобная апытанка была прапанавана і шэраговым жыхарам Віцебска, каб яны ацанілі дзейнасць бажаўцаў. Гэта дасць магчымасць вызначыць, наколькі яна вядомая ў горадзе. Апытанка будзе адкрытая для галасавання да канца снежня.

    Самых актыўных удзельнікаў імпрэзаў, якія найбольш запомніліся, на сходзе віталі апладысментамі. Ім дасталіся салодкія падарункі, а дзяўчатам яшчэ й пераднавагоднія прызы — карнавальныя маскі, дзякуючы якім яны ператварыліся ў “жабак-царэўнаў”. 

    У “чалавека з газеты” — вобраз, які так уразіў жыхароў Віцебска падчас кампаніі “Станем за журналістыку”  — зноў пераўвасобіўся Павел Левінаў. З ягоным удзелам прайшла жартоўная фотасесія, падчас якой бажаўцы фатаграфаваліся ў “карпаратыўных” шапачках, ці то “жабачках”, адмыслова пашытых для ўдзелу ў розных імпрэзах. Ацаніць, наколькі  фотасесія спадабалася ўдзельнікам, можна на старонцы “Віцебск. Нашы ў горадзе”.

    Дарослых, сур’ёзных людзей аніколькі не бянтэжыць, што яны  час ад часу ператвараюцца ў  “вясёлых жабянят”  — амаль што ў мульцяшных персанажаў. Бо гэта робіць бажаўцаў пазнавальнымі ў тых мерапрыемствах, дзе яны ўдзельнічаюць. Выкарыстоўваць “карпаратыўныя” галаўныя ўборы журналісты мяркуюць і падчас “Эстафеты добрых спраў”: прапановы ў гэтым накірунку былі таксама абмеркаваныя на сходзе і запланаваныя на наступны год.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці