Глыбоцкія БАЖаўцы правялі выніковы сход і сустрэліся з ксяндзом Сурыновічам
Глыбоцкая суполка грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” правяла выніковы сход і зладзіла сустрэчу інтэлектуальнай грамадскай супольнасці з біблеістам, паэтам і мастаком, ксяндзом Сяргеем Сурыновічам.
На пачатку журналісты падсумавалі вынікі сваёй дзейнасці за 2016 год, а потым прыступілі да абмеркавання мерапрыемстваў і розных іншых справаў на наступны год Было прапанава надалей праводзіць і прымаць удзел у разнастайных адукацыйных семінарах і трэнінгах, у тым ліку засяродзіцца на прававой, этычнай і псіхалагічнай тэматыках. Некаторыя сябры суполкі выказалі жаданне прайсці якасныя курсы аператарскага мастацтва і мантажу.
Удзельнікам лідэрскай праграмы Іллём Дзянісавым было прапанавана распачаць гэты год з сацыяльнага праекта “Эстафеты добрых спраў”. Галоўны рэдактар газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун прапанаваў звярнуць большую ўвагу кіраўніцтва БАЖа на праблемы не ўключэння ў падпісны каталог і яго газеты. Таксама ён прапанаваў збіраць талаку і праводзіць у парадак могілкі знакамітых землякоў, іх родных і пры гэтым сустракацца з чытачамі, слухачамі і гледачамі на вёсках. Усе калегі пагадзіліся і з тым, што трэба працягваць надалей карпаратыўныя традыцыі і ладзіць мерапрыемствы, такія як “Бульбафэст”, студзеньскую агульную сустрэчу з беларускім абрадам “Жаніцьба Цярэшкі” і г.д.
Амаль усе сябры глубоцкай суполкі БАЖаўцаў з’яўляюцца веруючымі людзьмі і дапамагаюць у выданні розных рэлігійных СМІ і сябруюць з журналістамі гэтых выданняў. Таму на выніковы сход перад каляднымі і навагоднімі святамі вырашана было запрасіць вядомага ў Беларусі біблеіста, паэта і мастака, ксяндза Сяргея Сурыновіча з Друі.
Сяргей Сурыновіч прадставіў прэзентацыю пад назвай “Дарога да слова” і распавёў пра выданні Бібліі розных часоў. Таксама ён прывёз пераклады Бібліі са сваёй калекцыі, у тым ліку рэдкія ў Беларусі.
Паводле Сяргея Сурыновіча, “дарога да слова”, да Бібліі ў беларусаў распачалася не з Францішка Скарыны, а раней на пяцьсот год. Біблія трапіла да нас праз Кіеўскую Русь. Першы пераклад Старога Запавету, “Кодэкс Віленскі” – рукапісныя пераклады на беларускую мову зрабілі габрэі Віленшчыны. Затым толькі Скарына выдаў друкаваны пераклад.
Як зазначыў ксёндз, Біблія – гэта збор кнігаў з розных перыядаў, які быў сабраны ў адну кнігу “Біблія” ў дзесятым стагоддзі нашай эры.
Пасля выступу Сяргея Сурыновіча сябра журналісцкай суполкі Кастусь Шыталь паказаў і распавёў пра апошнія рарытэтныя знаходкі, у тым ліку пра абразок Маці Божай Вострабрамскай з тэкстам песні на беларускай лацінцы.
Па адной з версій, магчыма, гэты абразок належыць Вацлаву Ластоўскаму. Таксама паказаў кнігі, якія апісвалі мінулае Глыбоччыны, у тым ліку распавядалі пра архітэктурныя будынкі, якія былі знішчаныя.
Напрыканцы сустрэчы глыбоцкія БАЖаўцы ацанілі па 10-бальнай шкале працу ГА “БАЖ”, пракаментавалі свае адзнакі, выказалі заўвагі і прапановы. Увогуле выніковая сустрэча атрымалася па-сяброўску цёплай і душэўнай, прынесла шмат новых ідэяў і планаў для ўвасаблення іх у жыццё ў наступным годзе.