27 снежня, верагодна, агучаць прысуд блогеру з Магілёва за апытанне «Колькі грошай Вы давалі супрацоўнікам ДАІ?»
Суд па пазову УУС Магілёўскага аблвыканкама да мясцовага блогера адбудзецца 27 снежня.
21 снежня ў судзе Ленінскага раёна горада Магілёва суддзя Валянціна Лапаціна пачала разгляд пазову з боку УУС Магілёўскага аблвыканкама да адміністратара груп «УКантакце» Бобруйск.Live, Могилев.Live і Могилев.Real Аляксандра Ірхо.
УУС Магілёўскага аблвыканкама абвінавачвае Аляксандра Ірхо ў размяшчэнні інфармацыі “негатыўнага, паклёпніцкага і правакацыйнага характару” ў дачыненні да супрацоўнікаў ДАІ ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”.
Аляксандр Ірхо 21 лістапада размясціў “УКантакце” апытанне “Якую суму грошай вы давалі супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласці”. Для адказу прапаноўвалася выбраць адзін з наступных варыянтаў: “Менш за 20 долараў”, “101 і больш долараў”, “Я пытанні без грошай вырашаў” і некалькі іншых. УУС палічыла такое апытанне абразлівым і падало супраць Аляксандра Ірхо пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў суд Ленінскага раёна.
Інтарэсы УУС прадстаўлялі старшы інспектар па прававым забеспячэнні аператыўнага аддзялення штаба Таццяна Мартынава і начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Дзмітрый Ігнатовіч. Прадстаўнікі УУС пагадзіліся пайсці на міравое пагадненне, калі Ірхо выканае ўсе патрабаванні, названыя ў пазове — апублікуе абвяржэнне апытання на старонцы Могилев.Live.
Аляксандр Ірхо не пагадзіўся з тым, што апытанне магло нанесці страты рэпутацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама і абласному ДАІ. Разам з тым адміністратар груп прызнаў, што з яго боку было не зусім прыгожа праводзіць апытанне з указаннем грашовых спагнанняў у валюце. Менавіта з‑за гэтага, па словах Ірхо, ён выдаліў публікацыю са старонкі “УКантакце”.
Аляксандар Ірхо адзначае, што ў апытанні ён меў на ўвазе не хабар, а штрафы. Таксама адказчык кажа пра тое, што не разумее, што канкрэтна патрабуе абвергнуць УУС, бо на вынікі апытання ён ніяк не ўплываў.
Разгляд справы ў судзе 21 снежня цягнуўся каля дзвюх гадзін. Пасля гэтага суддзя Лапаціна абвесціла перапынак да 27 снежня. У гэты дзень адбудуцца спрэчкі бакоў і, верагодна, будзе вынесена рашэнне суда.