• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Віцебску ў прэс-клубе абмяркоўвалі камунікацыі паміж журналістамі і грамадскімі актывістамі

    Сустрэча прайшла з ініцыятывы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Цэнтра даследавання грамадскага кіравання “СІМПА”. Віцебск стаў другім пасля Гомеля горадам, дзе актыўна абмяркоўваліся магчымасці супрацоўніцтва журналістаў і грамадскіх кампаній, ініцыятыў і асобных актывістаў.

    Нагодай для абмеркавання была цяперашняя сітуацыя, калі існуе шмат паспяховых кампаній і выніковых відаў дзейнасці, якія застаюцца па-за ўвагай журналістаў. А ў выніку — і  па-за ўвагай грамадскасці з прычыны недахопу інфармацыі.

    Сваімі меркаваннямі на тэму “Журналісты і актывісты Віцебшчыны: як быць карыснымі адзін аднаму?” — менавіта так была сфармулявана тэма пасяджэння прэс-клуба — падзяліліся і прадстаўнікі СМІ, дарэчы, як недзяржаўных, так і дзяржаўных. І мясцовыя актывісты, якія прадстаўлялі не толькі Віцебск, але й бліжэйшыя рэгіёны.

    На сустрэчу ў Віцебск прыехаў галоўны рэдактар інтэрнэт-часопіса пра Мінск CityDog.by Сяргей Сахараў. Ён мае багаты ўласны досвед грамадскага актывізму, а інтэрнэт-выданне City­Dog вядомае тым, што паспяхова асвятляе розныя грамадскія кампаніі і прыватныя праекты мінскага рэгіёна. Госця слухалі з вялікай цікаўнасцю, але найбольш азартныя  дыскусіі выклікалі выступы мясцовых журналістаў.

    Вікторыя Дашкевіч, якая прадстаўляла на сустрэчы анлайн-газету “Народныя навіны Віцебска” і “Віцебскі зялёны партал” таварыства “Зялёная сетка”, распавяла пра вынікі пільнага інтарэсу журналістаў да лёсу віцебскага прытулка для бадзяжных жывёлаў. Прадметам гарачага абмеркавання стала сітуацыя вакол парка Партызанскай славы, які меркавалася часткова знішчыць дзеля будаўніцтва копіі Сафійскага сабора. Пасля таго, як мясцовыя жыхары звярнуліся да незалежных журналістаў, вялікая колькасць віцяблян выказалі гатоўнасць да актыўных пратэстаў супраць знішчэння парка. Гарадскія ўлады былі вымушаныя больш уважліва вывучыць усе акалічнасці, і ўрэшце высветлілася, што ў замоўніка — Віцебскай епархіі праваслаўнай царквы — няма грошай на ўвасабленне праекта. І падрыхтоўку да будаўніцтва давялося спыніць, бо чарговы “даўгабуд” гораду не патрэбны.

    У Віцебску, як падкрэсліваюць БАЖаўцы, склалася ўнікальная сітуацыя: незалежныя журналісты ў сваёй большасці не толькі пішуць на розныя тэмы і супрацоўнічаюць з рознымі выданнямі, але яшчэ й праяўляюць актыўнасць у грамадскім плане. Сябры ГА «БАЖ» маюць досвед супрацоўнітва з гараджанамі, якія выступаюць з рознымі прапановамі па добраўпарадкаванні горада. За мінулыя два гады нават склалася адмысловая супольнасць, якая прэзентуе сябе ў Face­book як  “Віцебск. Нашы ў горадзе” — гэта аднадумцы і сябры БАЖаўцаў, звычайныя людзі, якія не маюць дачынення да журналістыкі, але неабыякавыя да мясцовых праблем.

    А яшчэ часта здараецца так, што журналісты бываюць і ўласна стваральнікамі інфамацыйных нагодаў. Самы яскравы прыклад — актыўнасць БАЖаўца Галляша Сялявы з Браслава, які рэдагуе партал браслаўскага рэгіёна, а таксама ладзіць розныя мерапрыемствы, цікавыя і карысныя землякам для землякоў.

    Пасля выступаў БАЖаўцаў ад той часткі прысутных, якая прадстаўляла “бок” актывістаў, пачалі паступаць самыя нечаканыя пытанні. Ад простага “Ці не дасце вы свой нумар тэлефону?” да “Колькі часу патрэбна журналісту, каб хутка дабрацца да месца правядзення імпрэзы, напрыклад, у Полацку?” і нават “Што такога трэба зрабіць, каб зацікавіць журналіста нейкай дзейнасцю?”

    Пасля таго, як пра дзейнасць сацыяльнай культурнай установы Vitebsk4Me (“Віцебск для мяне”) распавяла  дырэктар Вольга Бізікава, прысутныя мелі магчымасць абмяняцца кантактамі і ўзгадніць інтарэсы бакоў. Бо скаргі на тое, што паміж журналістымі і грамадскімі актывістамі іншы раз няма належных сувязяў, падчас сустрэчы гучалі як ад адных, так і ад другіх.

    Прысутныя прыйшлі да высновы, што паспяховая камунікацыя паміж журналістамі і  актывістамі надзвычай неабходная для таго, каб данесці да шырокай грамадскасці змест і сэнс пэўнай дзейнасці.

    Перашкодамі ў наладжванні сувязяў бывае хіба што нежаданне журналістаў асвятляць працу пэўнага кола актывістаў, калі вызначальнымі момантамі становяцца непажаданая палітычная арыентаванасць, надта спецыфічнае поле дзейнасці і гэтак далей. Або калі актывісты працуюць выключна на карысць вузкага кола сваіх прыхільнікаў, калі яны не зацікаўленыя ў прыцягненні новых людзей ці ў падвышэнні сапраўднага аўтарытэту сярод землякоў, калі вынікамі дзейнасці становяцца выключна справаздачы, а не змены ў грамадстве.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці