• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я нарадзіўся ў кашулі» — кранальны аповед журналіста, як ён вылецеў у кювет на галалёдзе і што было пасля

    Я нарадзіўся ў кашулі. Гэтая кашуля настолькі вялікая, што ў яе, акрамя мяне, змясцілася машына-параход Rover 75, — піша Зміцер Ягораў — беларус з Горадні, які працуе на "Белсаце".

    — У апошнія імгненні (яны мне рэальна падаліся апошнімі), мільганула думка, а нават не думка, а такое адчуванне, якое яшчэ не паспела сфармулявацца ў словы: вось так, неяк зусім без сэнсу і раптоўна. Жыццё не праляцела перад вычыма, выразна затое прамільгнула тое, як абняў на развітанне сына, мільгануў пацалунак Наташы — у калідоры, як выходзіў, такі мімалётны і лёгкі, як цалуюцца мужчына і жанчына, якія пражылі разам больш за дзясятак гадоў, але яшчэ не паспелі надакучыць адно аднаму. У гэты момант мой «Ровэр»-чамадан ляцеў мордай у кювет, узрываючы мокра-мёрзлую зямлю.

    На Падляшшы на дарозе рабілася адна з найгоршых рэчаў, што бывае на дарозе — акуратная корачка льду, змочаная дожджычкам і мокрым снегам, мінус 2 градусы, і ўсё схопліваецца ўмомант.

    Я ехаў як батан, я цвёрда вырашыў гэтым разам зганяць з Варшавы ў Вільню, і не сфоткацца на радары, і не атрымаць штраф ад дарожнай паліцыі за перавышэнне. А тут яшчэ і слізка. Выехаў заранёў, таму не спяшаўся. Дарога пустая. Цягнуся свае 80.

    Не ведаю, што здарылася. Я не дасведчаны кіроўца і без спецнавыкаў. Узбочыны «не чапляў», рэзкіх рухаў не рабіў. Але машыну павяло на сустрэчную паласу, я спрабаваў скарэктаваць рух, але машына проста як па коўзанцы — як ехала, гэтак і ехала. Перад самай узбочынай я мацней крутануў стырно і машыну крутанула ўправа. А потым — улева, а потым — управа. «АБС не скарачае тармазнога шляху, але дазваляе захаваць кіраванне», — адзінае, што ўсплыло ў галаве, тормаз у падлогу, АБС храбусцела, кантроль тракцыі мігаў, а машыну ўсё роўна матляла, відаць, было запозна. Праз момант мяне развярнула і я ўжо ехаў задам і шчыра скажу: у мяне не было ідэяў, што рабіць. Таму ўчапіўся ў стырно, спрабаваў выраўняць колы і тармазіць. Матлянула зноў, агулам на дарозе зрабіў 360 градусаў, і выкінула у кювет.

    Цудам не перакуліўся са стромай горкі. Калі б выкінула на 1,5 метра правей — морда была б у слупе. Што такое 1,5 метра на хуткасці 80 км на гадзіну?! Якая доля секунды?

    Машына зарылася да сярэдзіны пярэдніх колаў у зямлю і спынілася пад вуглом. Аўтаматычна паставіў скрыню перадач у палажэнне паркінг. Падумаў секунду і зацягнуў ручны. Заглушыў матор. Уключыў аварыйку. І падумаў: жывы. І не «забраў» нікога з сабою.

    Вылез з машыны. Па той сустрэчнай паласе прагудзела фура. І тады я зразумеў увесь памер гэтай самай кашулі. Я не на поўных 80 выляцеў з дарогі, мне ўдалося даволі доўга утрымліваць машыну на асфальце і хоць неяк, але тармазіць. Вылятаўшы, я не абняў слуп ці дрэва. Дарога была пустая! Я не перакуліўся папросту цудам, бо вугал з’езду быў бліжэйшы да 90 градусаў, інакш — хана, праз бок і на дах! А потым пабачыў, што калі б вылецеў на 100 метраў далей, то не было б ні машыны, ані, магчыма, мяне — не кювет, а проста стромы абрыў і дрэвы. Куляўся б праз капот.

    Спыніліся нейкія чувакі, гаманілі па-ангельску са мною. Упэўніліся, што ўсё ок, што цэлы. Што цямлю і адэкватны. Што буду зараз званіць у страхавую і пытаць пра дапамогу на дарозе, бо легкавіком мяне не выцягнуць аніяк. Упэўніліся, што маю тэлефон, што ў машыне сапраўды нікога няма і паехалі.

    Пакуль дазваньваўся, некалькі разоў спыняліся. Палякі, летувісы. Практычна кожная машына. Хтосьці нават праляцеў міма, а потым развярнуўся. Шмат добрых людзей!

    Але мне быў патрэбны добры чалавек з трактарам. «Дапамога на дарозе», якую я вызваніў, прапанавала выцягнуць мяне праз тры гадзіны і за 500 злотых. Ага, салют! На шчасце (ізноў!) мяне выкінула за 50 метраў ад дамоў. Праз адзін дом — малая ферма. Фермер Генэк даіў кароваў. І ў яго быў трактар. Сказаў, што пад’едзе праз паўгадзіны. Акурат часу, каб я падрыхтаваў трос ды укруціў гак для буксіроўкі спераду. Бо назад машыну на дарогу не зацягнеш — перакулілася б.

    Сабраўся кансіліум з жыхароў суседняга дома, ля якога я вылецеў. Усяляк мне раілі, як лепш выцягнуць машыну. А гаспадар уласнаручна пачаў разбіраць свой плот перад машынай (за кюветам адразу быў плот і нейкае поле).

    На фота па цэнтры Генэк і злева — гаспадар плата і найбліжэйшай хаты.

    А далей справа тэхнікі і ўмельства Генэка: падчапілі трос, ён мяне тузануў наперад, на полі я развярнуўся, і далей трактарам мяне пацягнулі з канавы па ямінах і калдобінах, замерзлых кратовінах. О, якія гукі гэта былі, калі мая машынка церлася аб гэта ўсё брухам! Але што паробіш.

    Я шчыра падзякваў кансіліуму (гаспадар, жонка і дзве напэўна прыгажуні-дачкі), Генэку таксама шчыра, і яшчэ сотню злотых наверх. Ну што? Спраўдзіў, ці нічога не адвалілася. І паехаў далей!

    Першыя 100 км баяўся на тормаз націснуць )) Падавалася, што адразу «павядзе». І прыслухоўваўся: нічога не грукае, не пішчыць, не скрабе. Быццам і не было таго вылету. Уф!

    Я жывы, ведаеце, гэта проста афігена, мегаклёва быць жывым! Беражыце сябе!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці