Хто з журналістаў недзяржаўных СМІ пойдзе на «Вялікую размову» да Лукашэнкі і каму адмовілі ў сустрэчы?
Аляксандр Лукашэнка 3 лютага ладзіць «Вялікую размову з прэзідэнтам». Гэта новы фармат сустрэчы з кіраўніком Беларусі.
Паводле прэс-службы кіраўніка Беларусі, на сустрэчу запрошаныя каля чатырох дзясяткаў журналістаў, якія прадстаўляюць найбольш буйныя дзяржаўныя і недзяржаўныя беларускія СМІ, папулярныя інтэрнэт-парталы, аўтарытэтныя замежныя масмедыя. На сустрэчу запрошаны і шматлікія эксперты, сярод якіх вядомыя палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб’яднанняў. Яны таксама возьмуць удзел у дыялогу па найбольш актуальных тэмах.
Недзяржаўным СМІ адпраўлялі запрашэнні з указаннем каго з журналістаў хацелі б бачыць.
Запрошаны генеральны дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай, ад «Нашай Нівы» на сустрэчу пойдзе намеснік рэдактара Зміцер Панкавец. Ад «Камсамольскай праўды» запрошаная журналістка Ірына Козлік.
Таксама запрошаныя рэдактар «Народнай Волі» Іосіф Сярэдзіч, кіраўнік Мінскага бюро «Радыё Свабода» Валянцін Жданко, карэспандэнт ВВС у Беларусі Таццяна Мельнічук. Ад партала TUT.by на сустрэчу з Лукашэнкам пойдзе журналістка Вольга Лойка.
«Еўрарадыё» выказвала намер адправіць журналіста для ўдзелу ў мерапрыемстве, але ў прэс-службе кіраўніка Беларусі адмовіліся акрэдытаваць Змітра Лукашука. Ды параілі сачыць у інтэрнэце за развіццём падзей, а пытанні адсылаць праз адмысловую форму на БелТА.
У анонсе прэс-службы заяўлена, што будуць прысутнічаць на сустрэчы і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Беларуская асацыяцыя журналістаў не атрымлівала запрашэння.
Прамая трансляцыя сустрэчы кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі грамадскасці і сродкаў масавай інфармацыі пачнецца а 10 гадзіне 3 лютага.
Яна будзе весціся па тэлеканалах «Беларусь 1», «Беларусь 24» і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.
Тэлеверсія сустрэчы будзе паказана ў вячэрнім эфіры беларускіх тэлеканалаў.