У Брэсце адбыўся майстар-клас, прысвечаны пошуку інфармацыі праз сацыяльныя сеткі
З дапамогай вядомага медыя-эксперта Паўлюка Быкоўскага сябры мясцовай філіі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” атрымалі досвед таго, як шукаць і карыстацца інфармацыяй, размешчанай у сацыяльных сетках.
Удзельнікаў мерапрыемства цікавіла, як правільна выкарыстоўваць у журналісцкіх тэкстах звесткі, атрыманыя у сацыяльных сетках, каб не парушыць аўтарскія правы і нормы прафесійнай этыкі.
Шмат увагі падчас майстар-класу было нададзена і метадам прасоўвання ў сацыяльных сетках уласных журналісцкіх матэрыялаў (у тым ліку – фота і відэа), не звязаных з рэкламай.У прыватнасці, размова ішла пра тое, што і якім чынам варта змяшчаць у сацыяльных сетках, каб прывабіць чытача да асноўнай публікацыі ў СМІ альбо ў інтэрнэт-выданні.
Карыснымі былі парады медыя-эксперта, якія тычыліся аналізу аўдыторыі, што наведвае тую ці іншую сацыяльную сетку, і з якой мэтай інтэрнэт-карыстальнікі гэта робяць. Хапала і іншых цікавых ідэй і прапаноў, якія ўдзельнікі майстар-класу маюць намер паспрабаваць выкарыстаць у сваёй працы.