У Віцебску журналісты вучыліся абараняць аўтарскія правы
У Віцебску на творчай пляцоўцы арт-пабу “Торвальд” юрыст Саюзу беларускіх пісьменнікаў Вольга Сямашка вучыла ўдзельнікаў семінару па аўтарскім праве адстойваць свае прафесійныя інтарэсы. Сярод прысутных былі журналісты, фатографы, літаратары і пачаткоўцы ў самастойнай творчасці — студэнты віцебскіх ВНУ.
Cемінар адбыўся дзякуючы падтрымцы і садзейнічанні беларускай электроннай інтэрнэт-бібліятэкі kamunikat.org і Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Дырэктар бібліятэкі Яраслаў Іванюк з Беластоку зазначыў, што тэма аўтарскага права цікавая не толькі для тых, хто займаецца паэзіяй ці прозай, але датычыць і прадстаўнікоў шмат якіх іншых прафэсій. І не ў апошнюю чаргу — журналістаў. Прычым госць тут жа прадэманстраваў дасведчанасць у гэтым плане: прыгадаў прозвішчы шэрагу мясцовых аўтараў ды некалькі інтэрнэт-выданняў з ваколіцаў Віцебска — “Світанак”, “Дзьвінскі ўзгорак”, “Крывінка”, “Гасцінец”, — з якімі Kamunikat супрацоўнічае і заключае аўтарскія дамовы.
Далей рэй вяла Вольга Сямашка. Каб пазнаёміць аўдыторыю з заканадаўчай тэрміналогіяй, яна скарысталася алфавітам аўтарскага права, складзеным для Беларусі. Кожная літара алфавіту дапамагла вывучыць пэўны панятак, засяродзіць увагу на яго прававых аспектах і агучыць алгарытм дзеянняў на выпадак неабходнай абароны.
Семінар нібыта невыпадкова адбываўся ў арт-пабе “Торвальд”: вельмі дарэчы прагучала згадка пра “цёзку”, Торвальда Сольберга, які з’яўляецца першым рэгістратарам аўтарскіх правоў ў ЗША, і які стаяў ля вытокаў амерыканскай сістэмы рэгістрацыі. Як зазначыла спадарыня Вольга, верагодна, што, вывучаючы заканадаўствы аб аўтарскім праве, Сольберг мог карыстацца і “Памяткай аўтара”, распрацаванай беларусамі яшчэ ў трыццатыя гады і напісанай на “тарашкевіцы”. У памятцы зафіксаваны ці не самы важны на той час нюанс доказу аўтарскага права: капірка, падкладзеная пад другі экзэмпляр твору. Цяпер жа ў Беларусі існуе прававая магчымасць рэгістрацыі аўтарскага права ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці.
У другой частцы мерапрыемства прайшоў майстар-клас. Падзеленыя на дзве групы ўдзельнікі семінару прааналізавалі рэальныя дамовы, складзеныя з рэальным выдаўцом, і разабралі ўмовы кантракту, якія парушаюць аўтарскія правы. Абмеркаванне праходзіла эмацыйна, зацікаўлена і з агульнай карысцю.
Вольга Сямашка прыгадала і некалькі выпадкаў, калі беларускім творцам даводзілася бараніць свае правы ў судзе, у тым ліку нашумелыя справы мастака Міколы Купавы і фатографа Антона Матолькі.
Да слова, віцебскія БАЖаўцы таксама неаднаразова выказвалі заклапочанасць тым, што плён іхнай творчасці незаконна “вандруе” па розных інтэрнэт- сайтах.
Прыкладам, рэдактар “Народных Навінаў Віцебска” Сяргей Серабро быў вымушаны не аднойчы патрабаваць, каб ягоныя фотаздымкі хаця б былі падпісаны ягоным прозвішчам, не кажучы ўжо пра звароты па дазвол на выкарыстанне.
Праблемы з цытаваннем без спасылак былі ў інтэрнэт-газеты “Витебский курьер», дый многія віцебскія журналісты часам пазнаюць фрагменты сваіх тэкстаў пад чужымі подпісамі.
Дарэчы, адзін з удзельнікаў семінару па аўтарскім праве, які перамог у творчым конкурсе на лепшую назву для італьянскага віна, даведаўся прыемную навіну: з‑за таго, што ніякай дамовы з ім не было заключана, ён па-ранейшаму застаецца праваўласнікам і на сам назоў і на дызайн этыкеткі, які ён фармальна зацвердзіў. Справа ў тым, што з юрыдычнага боку перадача аўтарскіх правоў мусіць перадавацца выключна праз дамову.
Вынікамі семінару засталіся задаволеныя і арганізатары, якія станоўча ацанілі актыўнасць віцебскіх “вучняў”, і самі ўдзельнікі. Калі ведаеш асновы аўтарскага права, то пачынаеш больш цаніць і ўласную працу, і працу сваіх калег, кажуць віцебскія БАЖаўцы.