• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Незалежных журналістаў наўмысна вылікалі ў пастарунак падчас святкавання Дня волі

    Журналістам-фрылансерам Марыне Драбышэўскай, Марыі Булавінскай і Яўгену Меркісу даслалі пазовы ў міліцыю Цэнтральнага раёна Гомеля на 10 гадзін раніцы 25 сакавіка.

    Журналісты адзінагалосна палічылі, што зроблена гэта дзеля таго, каб яны не змаглі прысутнічаць на месцы, дзе сабраліся людзі. “Каб мы не змаглі распавесці, што адбывалася ў Гомелі, каб людзі не даведаліся, што на плошчу, на вуліцы выйшлі сотні месцічаў”, — кажа Марына Драбышэўская.

    Размовы і складанні пратаколаў доўжыліся акурат да заканчэння акцыі на плошчы Паўстання, дзе збіраліся гомельчукі, і да маршу калоны па вуліцы Савецкай.

    Яўгена Меркіса абвінавацілі ў незаконным вырабе СМІ і распаўсюдзе інфармацыі, што прадугледжвае артыкул 22.9 у частцы 2 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях.

    “Гэта яны так трактуюць онлайн з акцыі пратэстоўцаў супраць дэкрэту  пра так званае “дармаедства”, што адбывалася ў Пінску. Людзі там казалі пра набалелае. Другая акцыя з гэтай жа нагоды прайшла ў Магілеве, дзе я запісаў інтэрвію з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, навукоўцам, доктарам гістарычных навук Ігарам Марзалюком. За гэтыя два матэрыялы на мяне як раз і складзены пратакол. Яшчэ мяне вінавацяць за матэрыял пра меркаванае закрыццё філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі. Гэтая ідэя была агучана старшынём Гомельскага аблвыканкаму  Уладзімірам  Дворнікам. І выклікала абурэнне і нязгоду культурнай грамадскасці, інтэлегенцыі. Гэтую частку абвінавачанняў у міліцыі яшчэ будуць вывучаць. А пакуль што выклікаюць у чарговы раз у сераду, 29 сакавіка, а 16 гадзіне», — распавёў Меркіс.

    За матэрыял пра жаданне Уладзіміра  Дворніка зачыніць філіял Веткаўскага музея ў Гомелі і стварыць у старадаўнім дамку на тэрыторыі палацава-паркавага ансамблю сталоўку выклікаюць у сераду ў міліцыю і Марыну Драбышэўскую.

    На Марыю Булавінскую па выніках размовы ў міліцыі склалі пратакол па артыкуле 22.9 у частцы другой — “за працу без акрэдытацыі”. А нагодай  стаў сюжэт пра жанчын сталага веку, якія змагаюцца супраць Лукашэнкі, скардзяцца на сваё напаўжабрацкае жыццё. Але Марыя Булавінская кажа, што прозвішчы бабулек, якія цяпер адмаўляюцца, па сведчанні міліцыянтаў, ад сваіх скаргаў, ёй не вядомыя, яна іх ніколі не чула, а сярод яе суразмоўніц не было 90-гадовай жанчыны.  Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Таму што размаўляла яна з імі быццам бы 7 сакавіка, а ў гэты дзень яна якраз і не рабіла ніякіх інтэрвію.

    Журналістку-фрылансерку Ларысу Шчыракову таксама выклікалі ў міліцыю менавіта 25 сакавіка. Пасля таго, як яна не прыйшла, яе затрымалі. На 17 гадзін яшчэ не было вядома, дзе Шчыракова знаходзіцца. Калегі, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў шукаюць яе.

    Затрыманыя міліцыяй і праз пэўны час адпушчаныя журналісты, што працавалі непасрэдна падчас святкавання Дня Волі: карэспандэнты БелаПАН Алена Германовіч і Tut.by Іван Ярывановіч.

    У гэты ж дзень, 25 сакавіка, у журналіста Анатоля Гатоўчыца з раніцы заблакавалі тэлефон, аднавілася сувязь каля 16 гадзін.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці