• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Магілёўскія БАЖаўцы звярнуліся ў УУС Магілёўскага аблвыканкама

    Чатыры сябры ГА “БАЖ” з Магілёва 5 красавіка звярнуліся да кіраўніцтва абласной міліцыі з просьбай зрабіць прававую ацэнку параўнання ўдзельнікаў мітынгу супраць Дэкрэту № 3 з нацыстамі. Адпаведнае параўнанне зрабіў на судзе над сябрам Партыі БНФ Аляксандрам Страхам 28 сакавіка 2017 г. камандзір роты магілёўскага АМАПу Андрэй Барысенка.

    Андрэй Барысенка быў сведкам у судзе разам з іншым амапаўцам Хількевічам. На судзе абодва заявілі, што падчас “Маршу недармаедаў” у Магілёве 15 сакавіка Аляксандр Страх дазваляў сабе выкрыкваць палітычныя лозунгі і патрабаваў свабоду, але каму ці ад чаго яны так і не сказалі. Таксама Барысенка, камандзір роты АМАП, успомніў, як Страх крычаў іншае:

    — Я чуў, як вы крычалі “Жыве Беларусь!”. А натоўп адказваў “Жыве! Жыве!”, як нацысты, — заявіў амапавец.

    Міліцыянт пазней адразу паправіўся, сказаўшы, што крычаць гэтыя словы не забаронена.

    — Іх можна было крычаць, але не ў такім тоне, — сказаў Барысенка. Які тон больш падыходзіў для мерапрыемства, ён так і не пазначыў.

    Чатыры сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, якія прысутнічалі ў судзе Ленінскага раёна г. Магілёва падчас разгляду адміністрацыйнай справы ў дачыненні А. Страха, напісалі ў звароце:

    «Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў звяртаюцца да кіраўніцтва Упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама з просьбай даць прававую ацэнку выказванню спадара Барысенкі і давесці да нашага ведама, ці адпавядае заява супрацоўніка праваахоўных органаў пазіцыі ведамства адносна людзей, якія выкарыстоўваюць падчас масавых мерапрыемстваў, санкцыянаваных ці несанкцыянаваных, заклік «Жыве Беларусь!»

    Журналісты таксама паведамілі кіраўніцтву УУС, што патрыятычны заклік-дэвіз «Жыве Беларусь!» накіраваны на абуджэнне нацыянальна-грамадзянскіх пачуццяў, кансалідацыю народа Беларусі для абароны свабоды, незалежнасці краіны, роднай мовы, нацыянальнай культуры, а таксама адстойвання сацыяльнай справядлівасці.

    «У пачатку ХХ стагоддзя Янка Купала ў сваім вершы «Гэта крык, што жыве Беларусь» першым сфармуляваў гэты заклік, пасля чаго ён замацаваўся як дэвіз, што аб’ядноўвае беларусаў. У савецкі перыяд беларускай гісторыі яго таксама шырока выкарыстоўвалі ў такой форме, як «Няхай жыве Беларусь!», «Квітней, Беларусь!», — адзначаюць яны ў звароце.

    Адзін з падпісантаў пад зваротам, сябра БАЖ, журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч выказаў спадзяванне, што, акрамя адказу на зварот, кіраўніцтва УУС Магілёўскага аблвыканкама таксама правядзе адпаведную тлумачальную працу з супрацоўнікамі мясцовага АМАПу. Па словах Лапцэвіча, падчас суда над Аляксандрам Страхам было добра бачна, што супрацоўнікі АМАПу абсалютна шчыра лічаць лозунг “Жыве Беларусь” і адказ на яго нацыстскімі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці