Журналіста сайта Край.бай Сяргея Зянько выклікаюць у суд
На журналіста Край.бай Сяргея Зянько падаў у суд супрацоўнік Аддзелу ДАІ Маладзечанскага РУУС Іван Фёдараў.
8 лютага 2017 г. на сайце Край.бай быў апублікаваны артыкул “Гражданин Польши: “Приняв психотропное лекарство, сел за руль в Молодечно по требованию сотрудника ГАИ” (фото). Тэма публікацыі была працягнута і 16 лютага з’явіўся матэрыял “Действия сотрудника ГАИ “не содержат признаков преступления” — гражданин Польши получил ответ из молодечненского РОСК”.
У сувязі з публікацыямі ў суд Маладзечанскага раёну звярнуўся супрацоўнік Аддзелу ДАІ Маладзечанскага РУУС Іван Фёдараў. Ён лічыць, што ў артыкулах былі распаўсюджаны несапраўдныя звесткі, якія ганьбяць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. У якасці адказчыкаў у іску заяўлены журналіст Край.бай Сяргей Зянько і прыватнае прадпрыемства, якому належыць інфармацыйна-навінавы партал.
Ісцец просіць, каб суд прызнаў гэтыя звесткі несапраўднымі, ганебнымі для яго гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі, абавязаць адміністрацыю сайта прынесці публічныя прабачэнні з указаннем на тое, што распаўсюджаныя звесткі былі несапраўднымі, ганебнымі для яго гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі. Таксама Іван Фёдараў просіць спагнаць з адказчыкаў грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 4 тысяч рублёў і выдаткі па аплаце дзяржаўнай пошліны.
Судовае паседжанне прызначана на 19 красавіка.