На ААТ “Крычаўцэменташыфер” зноў арганізоўваюць прымусовую падпіску
Адміністрацыя ААТ “Крычаўцэменташыфер” давяла заданне падпісацца на другое паўгоддзе 2017 года на пэўную колькасць перыядычных выданняў. Падпіска на прадпрыемстве павінна быць завершана да 12 чэрвеня.
Распараджэнне аб арганізацыі падпіскі на другое паўгоддзе 2017 года за подпісам генеральнага дырэктара ААТ “Крычаўцэменташыфер” В. Карчэўскага журналістам крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” перадалі работнікі прадпрыемства.
Згодна дакументу, арганізоўваць і кантраляваць правядзенне падпіскі на прадпрыемстве абавязана намесніца генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы, кадрах і сацыяльных пытаннях Жана Кустрэй. Спецыяліст агульнага аддзела Н. Ляліхава павінна размеркаваць структурным падраздзяленням колькасць даведзеных экзэмпляраў для падпіскі прапарцыйна колькасці працаўнікоў. Таксама Н. Ляліхавай неабходна прадастаўляць інфармацыю аб правядзенні падпіскі ў “Кіруючую кампанію холдынга “БЦК” і Крычаўскі райвыканкам.
Начальнікі падраздзяленняў абавязаны забяспечыць падпіску ў тэрмін да 10 чэрвеня ў поўным аб’ёме.
Свой загад В. Карчэўскі падрыхтаваў на падставе адпаведнага загаду Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь № 97 ад 29.04.2017, і лістоў “Кіруючай кампаніі холдынга “БЦК” і Магілёўскага філіяла “Белпошта”.
Па словах рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, прымусовая падпіска на дзяржаўныя выданні з’яўляецца традыцыйнай для ААТ “Крычаўцэменташыфер”. Раней мы паведамлялі пра падобныя выпадкі на гэтым прадпрыемстве.