• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Мінску стартаваў Месяц фатаграфіі — ФОТА, ВІДЭА

    Чацвёрты раз у Беларусі праходзіць Месяц фатаграфіі ў Мінску — міжнародны фестываль, пакліканы пашыраць разуменне фатаграфічнага медыуму, спрыяць развіццю культурнага поля і ўмацаванню статусу беларускай фатаграфіі ў рэгіёне і свеце.

    Месяц фатаграфіі ў Мінску — 2017 прапаноўвае 16 выставаў на 10 пляцоўках у 4 гарадах Беларусі, 11 майстар-класаў, лекцыяў і прэзентацыяў з удзелам замежных і беларускіх спікераў.

    Падчас цырымоніі адкрыцця фатограф Андрэй Лянкевіч, які займаўся арганізацыяй Месяца фатаграфіі ў Мінску, падкрэсліў, што гэты масштабны пректа — вынік супольнай працы многіх людзей.

    Амбасадар Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэсс заўважыў, што Францыя ўжо трэці раз бярэ ўдзел у Месяцы фатаграфіі ў Мінску. Дыпламат нагадаў, што Францыя дала свету цудоўных фатографаў.

    Дарэчы, 7 і 8 верасня ў 21.00 у гарадской прасторы на фасадах Ратушы можна будзе ўбачыць унікальную фота-праекцыю ад французскага фотамастака Клемана Брыяна. 

    Таксама публіцы будзе прадстаўленая незвычайная выстава «Што не памірае, не жыве» з дакументальнымі здымкамі Яна Сівіцкага і Багуслава Аўгустыса пахавальных рытуалаў. 

    За час працы фестывалю ў яго імпрэзах былі задзейнічаныя фатографы, арт-крытыкі і куратары з 11 краінаў. На 12 пляцоўках Мінску і Гродна праходзілі культурныя і адукацыйныя сустрэчы з удзелам гасцей з Аўстраліі, Беларусі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны і Францыі. На сённяшні момант агульны ахоп аўдыторыі фестывалю склаў каля 500 000 гледачоў.

    Мінулаю восенню Месяц фатаграфіі ў Мінску ўпершыню быў заяўлены як тэматычны. На 5 выставах асноўнай праграмы, якая займала прастору ангару сталічнага ЦЭХу, аўтары і фотакалектывы з розных перспектываў разглядалі апазіцыю цэнтр/перыферыя». І калі ў 2016‑м, прапанаваўшы такую, на першы погляд, геаграфічную праблему, мы хацелі падкрэсліць шырыню і дынаміку фатаграфіі, то тэма фестывалю-2017 адлюстроўвае супрацьлеглы кірунак.

    Сітуацыя ў культурным і арт-асяродку Беларусі ды свету падштурхнула нас абраць у якасці канцэптуальнага пункту адліку тэму «калектывізацыі». Разам з гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю мы хочам прапанаваць вывучыць самыя розныя значэнні, якія могуць асацыявацца з гэтым паняткам і, магчыма, адысці ад тых, што звязваюць яго з гісторыяй Савецкага Саюзу. «Паглыбленне» сёлета адбудзецца і на ўзроўні краіны: выставы і імпрэзы Месяц фатаграфіі ў Мінску пройдуць не толькі, традыцыйна, у Мінску і Гродне, але і ў Брэсце, Паставах і Каптарунах — арт-вёсцы, арганізаванай пісьменнікам Артурам Клінавым і тэатральным крытыкам ды рэдактаркай часопісу «pAR­Ti­san» Таняй Арцімовіч на беларуска-літоўскай мяжы.

    Асноўная экспазіцыя Месяц фатаграфіі ў Мінску — 2017 стартуе 6 верасня на пляцоўцы новай прасторы «Сталоўка XYZ» і будзе ўлучаць 6 выставаў, кожная з якіх па-свойму падыходзіць да семантычнага поля «калектыўнага». Мы ўпэўненыя, што кола інтэрпрэтацыяў «калектывізацыі» значна пашыраецца і выходзіць за межы феномену першых дзесяцігоддзяў існавання СССР, які апісвае аб’яднанне аднаасобных сялянскіх гаспадарак у калгасы, калі мы звяртаемся да ўтваральнага слова — лацінскага col­lec­tivus (‘зборны’) — і разглядаем яго з пазіцыяў сённяшніх рэаліяў.

    Архіўнай фатаграфіі, якая зважае на метафізічныя аспекты калектыўнасці як пераемнасці роду, у межах цэнтральнай экспазіцыі фестывалю прысвечаныя дзве выставы: «Што не памірае, не жыве» з дакументальнымі здымкамі Яна Сівіцкага і Багуслава Аўгустыса пахавальных рытуалаў і «Найлепшы бок» маладога сацыякультурнага праекту «Веха» — беларускай ініцыятывы, што дапамагае аднаўляць, правільна захоўваць і збіраць сямейныя архівы.

    «IS(not)» — гісторыі пра Ісландыю, «старажытны кантынент, населены эльфамі і апанентамі ЕЗ», ад польска-беларускага калектыву «Sput­nik Pho­tos» — дэманструе патэнцыял групавой працы ў галіне фатаграфіі, якая дазваляе, пераадольваючы стэрэатыпы, «калектыўна» падысці нават да вывучэння тэмы, культурна далёкай аўтарам.

    «Выклік дахаты» — вынік кааперацыі яшчэ аднаго калектыву, «Галерэя Indie», эксперымент, падчас якога, абмяняўшыся ключамі ад кватэраў, 12 ізраільскіх фатографаў знялі ў кожнай з іх праект, які адлюстраваў аўтарскае разуменне слова «прыстанак», тым
    самым падымаючы пытанні схаванага і асабістага, калектыўнага і прыватнага, бачнага іншым і нябачнага нам.

    Выстава «Жаночы эмансіпацыйны праект: паміж утопіяй і рэальнасцю (да 100-годдзя рэвалюцыі 1917 года)» даследуе, як сёння суіснуюць новае (нацыянальнае) у старым і (не-)зробленае, тое старое, што не атрымала прызнання — у новым. Як суіснуюць гістарычныя калектыўныя наратывы і асабістыя, больш схаваныя наратывы жанчын-актывістак.

    Выстава прэзентавана «Гендарным Маршрутам», куратарка Iрына Саламацiна. Будуць паказаныя партрэты ўкраінскіх жанчын-вайсковак і жанчын, якія ваююць, творы Жанны Капуснікавай і фільмы «Маляваны рай» пра беларускую мастачку-прымітывістку Алёну Кіш (аўтарка сцэнара і рэжысёрка — Галіна Адамовіч) ды «Палута Бадунова: згадаць і не забыць» (рэжысёр — Валерый Мазынскі).

    Беларуская фатаграфія будзе рэпрэзентаваная праектам Вольгі Бубіч «Больш, чым Я» (куратары Артур Бондар і Аксана Юшко) пра феномен «чарнобыльскіх дзяцей», якія ў межах гуманітарных праграмаў выязджаюць з 1991 года на аздараўленне ў Еўропу і
    Паўночную Амерыку.

    Адно з крытычных пытанняў выставы — супрацьпастаўленне «асабістага» і «калектыўнага», звязанага як з бюракратычнай сістэмай, гэтак і з вялікшым, глабальным светам, часткаю якога ў цяперашні час паступова робяцца і дзеці.

    На святочным адкрыцці фестывалю 6 верасня, а таксама 7–8 верасня ў межах святкавання Дня гораду (на сценах мінскай ратушы) будуць паказаныя праекцыі французскага візуальнага мастака Клемана Брыена, якія адлюстроўваюць гісторыю беларускай сталіцы і традыцыяў рэгіёну.

    Паралельная праграма Месяца фатаграфіі ў Мінску задзейнічае яшчэ 9 пляцовак. Гэта 6 мінскіх пляцовак: галерэя «Ў» (выстава Андрэя Лянкевіча «Бывай, Радзіма!» і выстава «VORTEX PREVIEW» ад аб’яднання «Фотамастацтва»), Нацыянальны гістарычны музей (выстава класіка беларускай фатаграфіі Льва Дашкевіча «Беларусі прысвячаецца…»), Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва (выстава фотамастакоў Вікторыі Біншток і Міхаэля Шэфэра «Па і супраць плыні. Сучасныя фатаграфічныя ўмяшаньні»), ЦЭХ (Частка 2. «Гендарны маршрут»: «Жаночы эмансіпацыйны праект: між утопіяй і рэчаіснасцю»), галерэя «Кніжная шафа» (выстава «Там» Альберта Цехановіча), Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства (традыцыйная падборка вынікаў конкурсу дзіцячай фатаграфіі «Свет вакол нас», зарганізаванага фотаклубам «Святласіла», Паставы), — а таксама культурныя цэнтры
    Брэсту, Гродна і Віцебскай вобласці (Лынтупы). У брэсцкай прасторы «Крылы халопа» пакажуць групавы праект «BY NOW», у Цэнтры гарадскога жыцця, Гродна, — частку шырокага архіву Бюро фотафестывалю «Месяц фатаграфіі», а ў Доме культуры Лынтупаў
    – вынікі арт-рэзідэнцыі Каптаруны-2017.

    Адмысловымі гасцямі Месяца фатаграфіі ў Мінску – 2017, якія наведаюць імпрэзы асабіста і правядуць у межах фестывалю майстар-класы, лекцыі і прэзентацыі, стануць Міхал Лучак (калектыў «Sput­nik Pho­tos», Польшча), Гжэгаж Дамброўскі (праект «Albom.pl», Польшча), Клеман Брыен (пры падтрымцы амбасады Францыі) і Міхаэль Шэфэр (пры падтрымцы Інстытуту Гётэ).

    Гістарычны складнік сёлета працягнецца супрацаю фестывалю з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, у сценах якога будзе паказаная выстава, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы. У межах закладзенай у 2016 годзе серыі альбомаў «Бібліятэка Месяца фатаграфіі ў Мінску» выйдзе каталог з працамі гэтага класіка беларускай фатаграфіі. Выстава пройдзе з 10 да 29 кастрычніка.

    Фота Таццяны Ткачовай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці