Рэдактар “Народных Навінаў Віцебска” Сяргей Серабро абвінавачвае тэлеканал СТВ у крадзяжы ягоных здымкаў
Звяртацца ў судовыя або іншыя інстанцыі са скаргай віцебскі журналіст не плануе. Але сітуацыяй ён вельмі абураны.
Пра выкарыстанне на СТВ ягоных здымкаў Сяргей Серабро паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. Ён адзначыў, што “Столичное телевидение” не толькі выкарыстала ягоныя фотаздымкі без указання аўтарства і спасылкі на крыніцу, змантаваўшы з іх відэасюжэт, але яшчэ і “праштампавала” ўласным лагатыпам.
Здымкі, пра якія ідзе гаворка, былі апублікаваныя 7 студзеня на інтэрнэт-рэсурсе “Народныя Навіны Віцебска” ў матэрыяле “Паводок в Витебске: Двина начала затапливать набережную”. На наступны дзень гэтыя ж фотаздымкі з’явіліся ў рэпартажы канала СТВ “Двина вышла из берегов в Витебске: за 12 суток высота реки поднялась в два раза».
У сваім допісе ў Facebook Сяргей Серабро адзначыў групу “Столичное телевидение”, але ніякай рэакцыі з боку супрацоўнікаў канала не дачакаўся. Калегі-журналісты, знаёмыя і проста неабыякавыя чытачы раяць рэдактару “ННВ” афіцыйна выказаць свае прэтэнзіі да тэлеканала. Такое меркаванне агучвае, у прыватнасці, Антон Матолька, які ўжо трапляў у падобную сітуацыю: ягоныя фотаздымкі без усялякіх спасылак на аўтара паказалі ў навінах на канале «Беларусь 1». Аднак зварот блогера ў суд не даў карысці: Антону Матольку адмовілі ў задавальненні зыску на той падставе, што ягоныя фотаздымкі не кваліфікавалі як вынік творчай дзейнасці. І што ў такім выпадку аўтарскія правы на іх не распаўсюджваюцца.
Сяргей Серабро падаваць скаргі на “СТВ” не збіраецца, бо лічыць гэта марнай справай, якая забярэ ў яго занадта шмат асабістага часу і высілкаў. Але ён кажа, што фіксаваць падобныя выпадкі неабходна, каб потым рабіць гэтую інфармацыю як мага больш публічнай.