Крычаўскія бажаўцы сустрэліся з праваабаронцам Гары Паганяйла
У Крычаве ў рамках "Юрыдычнай гасцеўні" газеты "Вольны горад" абылася лекцыя вядома беларускага праваабаронцы, кіраўніка грамадскай камісіі БХК Гары Паганяйла. На сустрэчы прысутнічалі журналісты, актывісты грамадскіх арганізацый, жыхары Крычава, Чэрыкава і Клімавічаў.
Гары Пятровіч распавёў прысутным пра свой жыццевы шлях, які быў няпростым — нараджэнне ў лагеры у Архангельскай вобласці ў сям’і «ворагаў народа», дзіцячы дом, вяртанне ў Мінск да маці, юрыдычная адукацыя, праца суддзей, у МІністэрстве юстыцыі, кіраўніком Саюза адвакатаў, удзел ў распрацоўцы новай Канстытуцыі Беларусі.
А потым — свядомы выбар. Гары Пятровіч абараняў Славаміра Адамовіча, Тамару Віннікаву, Юрыя Бандажэўскага, Андрэя Клімава, Васіля Старавойтава, Паўла Казлоўскага, Міхаіла Чыгіра, Паўла Шарамета і Дзмітрыя Завадскага. Паганяйла распавёў і пра некаторыя палітычныя працэсы. Па просьбе ўдзельнікаў падрабязна расказаў пра справы скрадзеных палітыкаў — гэтае злычынства, на яго думку, на аператыўным ўзроўні даўно раскрыта. Расказаў, як на яго 4 разы заводзілі крымінальныя справы за паклёп на прэзідэнта і г.д., але справы былі закрытыя.
Гары Паганяйла акцэнтаваў свой аповед на парушэнні дзяржавай не толькі Канстытуцыі і законаў, але і міжнароднага права, Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, што неаднаразова было ўстаноўлена Камітэтам ААН па правах чалавека.
Госць распавёў пра БХК, пра тое, чым займаецца арганізацыя і ён асабіста, што ўдалося зрабіць за гэтыя гады. Гары Пятровіч адказаў на пытанні прысутных, падарыў сваю кнігу «Адвакатскя хронікі Гары Паганяйла» журналісту з Клімавічаў Сяргею Аржанцаву, прэзентаваў брашуры і дапаможнікі, якія выдаў БХК.
«Сустрэча з такім вядомым, легендарным праваабаронцам натхняе, дае імпульс для практычнай дзейнасці ў сваім рэгіене. Смеласць і прафесіяналізм Гары Пятровіча — гэта прыклад усім нам, як трэба дапамагаць людзям адстоўваць свае правы і мяняць палітычную сістэму у краіне. Хай і не так хутка, але мяняць.
Прысутныя не хацелі адпускаць Гары Пятровіча, бо былі ў захапленні ад сустрэчы. Гэта таксама прыклад прафесіянала — зацікавіць аўдыторыю, «памацаць душы», так бы мовіць», — падвеў вынікі сустрэчы з праваабаронцам Гары Паганяйла рэдактар «Вольнага горада» Сяргей Няроўны.