Перакладчыкі БелТА хочуць і надалей транслітараваць беларускія імёны геаграфічныя назвы з рускай мовы, хоць гэта і пярэчыць нормам
БелТА і надалей будзе транслітараваць беларускія геаграфічныя назвы з рускай мовы. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным адказе за подпісам першай намесніцы генеральнага дырэктара А. М. Кірыльчык.
Сёння ў Беларусі дзейнічае Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь, якая прадугледжвае транслітарацыю геаграфічных назваў Беларусі з кірыліцы на лацініцу толькі з беларускай мовы. Гэта значыць, Баранавічы запісваюцца як Baranavičy, Магілёў як Mahilioŭ і г.д. Такі метад запісу геаграфічных назваў можна ўбачыць на дарожных указальніках, турыстычных стэндах і даведніках, шыльдах з нумарамі дамоў, у Мінскім метрапалітэне. У 2013 годзе Інструкцыя была рэкамендаваная Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у якасці міжнароднай сістэмы раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў.
Аднак Беларускае тэлеграфнае агенцтва працягвае ў сваіх публікацыях запісваць беларускія гарады лацінскімі літарамі паводле рускага напісання (Baranovichi замест Baranavičy, Mogilev замест Mahilioŭ, Gomel замест Homieĺ, Grodno замест Hrodna і г.д.). Агенцтва БелТА тлумачыць такую палітыку тым, што «заметкі навін УП «БелТА», якія перакладаюцца на замежныя мовы, не падпадаюць пад дзеянне Інструкцыі па транслітэрацыі геаграфічных назваў, паколькі не з’яўляюцца па сваёй сутнасці дакументамі альбо картаграфічнымі творамі, прызначанымі для міжнароднага выкарыстання. Таму супрацоўнікі агенцтва пры перакладзе на замежныя мовы прытрымліваюцца прымяняемай практыкі перадачы геаграфічных назваў лацінскім алфавітам, якая існуе ў вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь, уключаючы Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, і ў прафесійных бюро перакладаў».
Варта зазначыць, што ў Інструкцыі па транслітарацыі не напісана пра міжнародныя дакументы, там напісана пра ўсе матэрыялы, прызначаныя для міжнароднага выкарыстання: «1. Инструкция по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита (далее — Инструкция) устанавливает правила передачи географических названий с белорусской формы написания на латиницу при создании в Республике Беларусь на иностранных языках картографических и других произведений, предназначенных для международного пользования».
Палітыку транслітарацыі з рускай мовы БелТА ўжывае таксама і для транслітарацыі беларускіх прозвішчаў, хоць прозвішчы ў беларускіх пашпартах звычайна транслітаруюцца з беларускай мовы. У выніку атрымліваецца дзіўная сітуацыя, калі прозвішчы беларускіх спартоўцаў у афіцыйных пратаколах спаборніцтваў і замежных выданнях запісаныя паводле беларускага напісання, а ў публікацыях Беларускага тэлеграфнага агенцтва яны запісаныя зусім інакш. Можна прывесці прыклад з навіны пра біятлонныя спаборніцтвы.
Усе беларускія біятланісткі ў БелТА запісаныя паводле рускага напісання (Irina Krivko, Nadezhda Pisareva, Dinara Alimbekova), пры гэтым у афіцыйных пратаколах і на сайце Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU) гэтыя біятланісткі запісаныя паводле пашпартнага напісання з беларускай мовы (Iryna Kryuko, Nadzeya Pisareva, Dzinara Alimbekava).
Недасведчанаму ў беларускай рэчаіснасці чалавеку складана будзе зразумець такое адрознае напісанне. БелТА ў сваім адказе тлумачыць гэта тым, што напісанне матэрыялаў адбываецца на рускай мове, з якой перакладаецца на англійскую і іншыя мовы, і «калі публічная альбо вядомая персона, якая фігуруе ў матэрыялах «БелТА», жадае ў іншамоўных заметках бачыць транслітэрацыю свайго імя і прозвішча ў адпаведнасці з пашпартнымі данымі, то да «БелТА» паступае ад гэтай персоны адпаведны зварот».
Адказ з падобным зместам нядаўна атрыманы таксама ад кіраўніцтва тэлеканала «Беларусь-24». Такім чынам, у Беларусі склалася абсурдная сітуацыя, калі на картах і дарожных указальніках фігуруе адно напісанне тапоніма, а ў матэрыялах афіцыйных СМІ і дзяржаўнага тэлеграфнага агенцтва напісанне зусім іншае. Гэта пэўны рэбус і для замежных турыстаў, бо матэрыялы БелТА перадрукоўваюцца дзяржаўнымі турыстычнымі сайтамі.