У Мінску затрымалі і збілі журналіста, які здымаў на ўчастку
Андруся Козела даставілі ў Цэнтральны РУУС Мінска, склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыянтам і адправілі ў СІЗА на Акрэсціна. Суд — у панядзелак 19 лютага.
Здарэнне адбылося на ўчастку № 27 у Мінску.
Журналіста, які вёў трансляцыю з участка ў фэйсбук, затрымалі чацвёра супрацоўнікаў міліцыі.
— Андрусь паспеў распавесці, што міліцыянты збілі яго пры затрыманні, яго галавой разбілі шкляныя дзверы на выбарчым участку, таму ўся галава аказалася рассечанай да крыві.
Ён вёў стрым з выбарчага ўчастка. Міліцыянты паспрабавалі забараніць яму гэта рабіць, але Андрусь патлумачыў, што мае права здымаць. Тады яго схапілі і сілай выцягнулі з залы, разбіўшы галавою дзверы, — расказала Беларускай асацыяцыі журналістаў жонка Козела Вольга Чайчыц.
Вольга Чайчыц разам з калегамі прыехала ў міліцыю. Дзяжурныя паведамілі ёй, што складаюць на Андруся Козела пратакол за непадпарадкаванне. Па словах Вольгі, людзі бачылі акрываўленага журналіста, калі яго заводзілі ў пастарунак.
22:30. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі Вользе Чайчыц, што медычная дапамога яе мужу «не спатрэбілася», і што ноч ён правядзе на Акрэсціна.
19 лютага Козела будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёна Мінска (вул. Кірава, 21).
Пачатак працы суда а 9‑й гадзіне.
Наш сайт ад самай раніцы будзе сачыць за сітуацыяй.