• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пра Пятрухіна і Кабанава з’явіўся “выкрывальніцкі” youtube-канал “Антиблохер”

    Папулярнасць “народных рэпарцёраў” Сяргея Пятрухіна з Брэста і Аляксандра Кабанава з Бярозы перарасла звыклую цікавасць як збоку гледачоў, так і праваахоўных органаў. Супраць блогераў “невядомыя” пачалі ствараць “выкрывальніцкія” відэаролікі і публікаваць іх на адмысловым youtube-канале “Антиблохер”.

    “Антиблохеры” не толькі крытыкуюць і абвяргаюць факты з сюжэтаў Пятрухіна і Кабанава. Больш увагі надаецца ім самім. Тут вам і аповед пра “няўжыўчывага ў калектыве і сям’і”, “аматара алкагольных напояў” Сяргея Пятрухіна і “праўда” пра прыхільніка “легалізацыі і вырошчвання ў Беларусі марыхуаны” Аляксандра Кабанава.

    “Народныя рэпарцёры” ўпэўненыя, прычынай з’яўлення “Антиблохера” сталі іх расследаванні з нагоды будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода “АйПаўэр”. Хаця такога крэатыву ў барацьбе з імі актывісты не чакалі.

    Аляксандр Кабанаў: “На мой погляд, яны разумеюць, што любыя супрацьпраўныя дзеянні, скіраваныя супраць нас, спрацуюць супраць іх саміх ― тых жа сілавых структур. Я ўпэўнены, што нас і далей будуць затрымліваць, будуць і суды, але ім патрэбная больш рэальная і аб’ектыўная карцінка. Летась у мяне быў суд, мяне затрымалі а 7‑й раніцы за тое, што я нібыта матам лаяўся і прыставаў да мінакоў. І я гэты суд выйграў. Проста я ўбачыў машыну на вуліцы і зразумеў, што мяне будуць затрымліваць. Занёс знаёмаму відэакамеру і папрасіў здымаць з вакна ўсё. Калі мяне затрымалі і я пачытаў паказанні міліцыянтаў у пратаколе, то адразу папярэдзіў пра запіс, на якім бачна, што я не лаяўся матам і не да каго не чапляўся. У выніку міліцыянеры так давалі паказанні ў судзе, што я яго выйграў”.

    Аўтары “расследаванняў” “Антиблохера” ананімныя ― твараў у кадры не бачна, галасы змененыя. Хто гэта ўсё робіць, дакладна не вядома.

    “Фільмы іх слабенькія, і рэпутацыю нашу яны такімі стужкамі не папсуюць”, ― з усмешкай кажа Сяргей Пятрухін. Што ж да выкладзеных там фактаў, то, дадае Аляксандр Кабанаў, яны на іх увагі не звяртаюць.

    Аляксандр Кабанаў: “Калі б такія факты існавалі на самой справе, то намі б займаліся не нейкія блогерскія каналы, а пракуратура і міліцыя. Я кажу пра тыя нібыта факты “наркотыкаў” ці таго, што мы там некага на грошы кідаем ― гэтым бы ўжо займаліся органы”.

    Што праўда, органы маюць прэтэнзіі да блогераў. Так, 21 лютага пракуратура Брэста вынесла афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах Сяргею Пятрухіну. А напярэдадні падобнае папярэджанне атрымаў і Аляксандр Кабанаў.

    “Я баюся за іншае, што можа ў дачыненні да нас распачацца беззаконне… Гэта страшна, але ў мяне ёсць сын, яму 5 гадоў, і я пра яго будучыню думаю ― я не хачу, каб ён рос побач з заводам, які будзе шкодзіць яго здароўю”, — распавядае Пятрухін.

    Але аўтары “Антиблохера” сцвярджаюць, што шкоднасць акумулятарнага завода Пятрухін і Кабанаў перабольшваюць. А то і падманваюць людзей ў гэтым выпадку. Хто мае рацыю?

    Сяргей Пятрухін: “Мы можам памыляцца ў дробязях, але не прынцыпова. Бо маем шмат фактаў. Асабліва добра наша праўда бачная ў відэа пра Ваўкавыск, дзе з намі размаўляюць лекары, супрацоўнікі санэпідэмстанцыі, намеснік старшыні ваўкавыскага райвыканкама. Адна справа, калі нешта кажуць перапалоханыя людзі, і зусім іншае, калі чыноўнікі называюць гэтую будоўлю рэальным злом”.

    Падаваць у суд на аўтараў “Антиблохера” Пятрухін і Кабанаў не збіраюцца. А вось свой сюжэт пра іх, кажуць, абавязкова зробяць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці