У Брэсце суд пакараў блогераў Кабанава і Пятрухіна штрафам на 1225 рублёў кожнага
28 лютага суд Ленінскага раёна Брэста разгледзеў матэрыялы справы паводле часткі 3 артыкула 23.34 КаАП РБ (“Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”).
Нагадаем, што актывіст з Бяроза Аляксандр Кабанаў і яго брэсцкі калега-блогер Сяргей Пятрухін паведамлі праз youtube-канал “Народны рэпарцёр” пра намер выйсці 25 лютага на плошчу Леніна ў Брэсце, каб выказаць пратэст супраць будаўніцтва каля горада акумулятарнага завода.
У звязку з гэтай заявай Аляксандра Кабанава выклікалі ў пракуратуру Бярозаўскага раёна і вынеслі папярэджанне “аб недапушчальнасці парушэння палажэнняў закона аб масавых мерапрыемствах”. Аналагічнае папярэджанне ў гарадской пракуратуры Брэста атрымаў і Сяргей Пятрухін.
У акцыі пратэста на цэнтральнай плошчы Брэста абодва блогеры ўдзелу не прымалі, бо 23 лютага былі затрыманыя і змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання да суда.
Разгляд іх спраў у Ленінскім райсудзе Брэста пачаўся 26 лютага, але быў перанесены, паколькі Кабанаў і Пятрухін хадайнічалі аб жаданні скарыстацца паслугамі адваката.
Раніцай 28 лютага судовы працэс аднавіўся і суддзя Аляксандр Семянчук пакараў Аляксандра Кабанава штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1225 рублёў).
Што да разгляду справы ў дачыненні да Сяргея Пятрухіна, то атрымаўся скандал: не ўсе людзі, якія прышлі падтрымаць блогера, мелі магчымасць адразу трапіць у судовую залу. Супрацоўнікі суда і АМАП тлумачылі свае дзеянні тым, што ў памяшканні няма вольных месцаў, а стаяць падчас судовага пасяджэння нельга. Між тым, на працэсе, калі слухалася справа Аляксандра Кабанава, гэтай забароны не было.
Канфлікт усё ж быў улагоджаны і жадаючыя трапілі на разгляд справы, які цягнуўся некалькі гадзінаў з перапынкам на абед. У выніку суддзя Дзмітрый Шурын таксама пакараў Сяргея Пятрухіна штрафам у памеры 50 базавых велічынь.