Бастунец пасля сустрэчы з Карлюкевічам: “Мы дамовіліся абмяркоўваць змены ў Закон “Аб СМІ”
Старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец сустрэўся з міністрам інфармацыі Беларусі Аляксандрам Карлюкевічам.
— Гэта была наша першая сустрэча пасля прызначэння спадара Карлюкевіча на пасаду міністра і яна пакінула ў мяне прыемнае ўражанне. Мне падалося, што міністр гатовы да дыялогу, гатовы слухаць нашы меркаванні, — расказаў Андрэй Бастунец Прэс-службе ГА “БАЖ”.
— Галоўная тэма, якую мы абмяркоўвалі, — планаваныя змены заканадаўства ў галіне СМІ. Міністр паведаміў, што пакуль канкрэтныя папраўкі заканадаўства не падрыхтаваныя. Тычыцца яны будуць, як гаварылася і раней, дзейнасці электронных СМІ (тэлебачанне і радыё) і сферы інтэрнэта. Міністэрства пагадзілася прыцягнуць прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў для абмеркавання зменаў у заканадаўства. У якой форме гэта будзе адбывацца — стане зразумела бліжэйшым часам.
Мы дамовіліся, што БАЖ у сакавіку прадставіць у Мінінфарм свае прапановы па ўрэгуляванні дзейнасці і вызначэнні статуса журналістаў-фрылансераў. Пакуль пазіцыя Міністэрства інфармацыі палягае ў тым, што фрылансер павінен быць звязаны з нейкай канкрэтнай рэдакцыяй. Хоць і пазаштатна.
Сярод іншых праблем, якія абмяркоўваліся, — пытанне блакавання сайтаў. Аляксандр Карлюкевіч каротка сказаў, што сваю пазіцыю Міністэрства інфармацыі неаднаразова выказвала, у тым ліку ў заявах: зацікаўленыя ў вырашэнні сітуацыі ўладальнікі заблакаваных рэсурсаў павінны звярнуцца ў Міністэрства інфармацыі.
Зразумела, што па шэрагу пытанняў пазіцыі Мінінфарма і БАЖа разыходзяцца, але сустрэча паказала, што гэта не ёсць перашкодай для іх абмеркавання.
Пакуль мы дамовіліся пра яшчэ адну сустрэчу бліжэйшым часам, на якой больш шчыльна абмяркуем праблемы журналістаў-фрылансераў і, магчыма, іншыя пытанні, звязаныя са зменай заканадаўства аб СМІ, — расказаў кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.