Камітэт ААН прыняў да разгляду скаргу журналісткі Таццяны Шчапёткінай
Як паведамляе gomelspring.org, Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў індывідуальную скаргу бярозаўскай незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай.
Цяпер беларускаму ўраду прыйдзецца шукаць адказ на пытанне, чаму за інтэрв’ю з загадчыкам аптэкі, якое прагучала на радыё «Рацыя», улада пакарала на фрылансерку буйным грашовым штрафам.
15 лістапада 2017 года суддзя суда Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці Алена Нямкова прызнала журналістку вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ і аштрафавала на суму, эквівалентную 250 еўра. Суд Брэсцкага абласнога суда пакінуў скаргу на рашэнне суда Бярозаўскага раёна без задавальнення.
«Мяне ў каторы раз прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. У прыватнасці, на Беларускае Радыё Рацыя. Абвінавачвалі ў парушэнні ч.2 арт. 22.9 КаАП “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ», але журналіст прадукцыі СМІ не вырабляе і не распаўсюджвае. Гэтым займаецца рэдакцыя. Толькі рэдакцыя можа дапусціць парушэння вырабу прадукцыі СМІ, а ніяк не журналіст», — абураецца Тамара Шчапёткіна.
Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, які дапамагае журналістцы весці справу на міжнародным узроўні, адзначае, што справа журналісткі выявіла шэраг супярэчнасцяў нацыянальнага заканадаўства міжнародным дагаворам Беларусі.
«Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму свабоду на збор і распаўсюд інфармацыі. Наш жа нацыянальны закон аб СМІ празмерна абмяжоўвае саму сутнасць гэтага права. Я ўпэўнены, што ў гэтай справе будуць устаноўлены гэтыя парушэнні правоў журналісткі», — адзначыў эксперт.
Згодна правілаў Камітэта ААН па правах чалавека, пасля рэгістрацыі скарга накіроўваецца ўраду, які на працягу 180 дзён павінна выказаць па ёй сваю пазіцыю.