Давыдзька прапанаваў лічыць «Белсат» і Радыё Свабода замежнымі агентамі
Чарговы выпуск праграмы «Клуб рэдактароў» на тэлеканале «Беларусь-1» прысвяцілі папраўкам у закон аб СМІ.
Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч параўнаў ананімных каментатараў у інтэрнэце з даносчыкамі 1937 года.
«Гэта нагадвае тое, што было ў 1937 годзе. Напісаў ананімны данос – вырашыў пытанне», – адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.
Нагадаем, паводле законапраекту, плануецца ўвесці абавязковую ідэнтыфікацыю інтэрнэт-карыстальнікаў, у тым ліку каментатараў на форумах. Адсутнасць мадэрацыі рэсурсу можа прывесці да яго блакавання, гэта тычацца і асобных сацыяльных сетак.
«Гэта вядома кантроль, але кантроль за той інфармацыяй, якая супярэчыць заканадаўчай базе і наогул нармальным зносінам у грамадстве. Але гэта не парушэнне свабоды слова», – лічыць міністр.
Лідар грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Генадзь Давыдзька, абмяркоўваючы новы закон аб СМІ, згадаў «Белсат»:
«У законе хочуць прапісаць, што СМІ павінна быць рэзідэнтам РБ. Гэта значыць уладальнік, фінансаванне – не больш за 20% з‑за мяжы. А што будзе з «Белсатам», з амерыканскай Свабодай? Можа пара ўжо назваць замежных агентаў – агентамі?»
«Хтосьці да гэтага часу думае, што хтосьці за мяжой хоча нам дабра. Вось у кагосьці ёсць уяўленне, што хтосьці за мяжой марнуе свае грошы для таго, каб мы сталі лепш жыць. Як разбурыць гэтае ўяўленне?» – адзначыў Давыдзька.
Мяркуючы па ўсім, Давыдзька спасылаецца на расейскі закон аб замежных агентах у СМІ. Паводле гэтага закона, усе публікацыі падобнага СМІ павінны суправаджацца паметкай, што іх выпусціў замежны агент, а заснавальнік мусіць кожны квартал прадстаўляць справаздачу ў Мінюст наконт сваёй дзейнасці.
Пры гэтым словы Давыдзька пра тое, што нібыта «ў законе хочуць прапісаць, што СМІ павінна быць рэзідэнтам РБ» – не зусім дакладныя. Справа ў тым, што падобная норма аб рэгістрацыі беларускага СМІ існуе і цяпер. Напрыклад, тое ж Радыё Свабода афіцыйна працуе ў Беларусі ў якасці акрэдытаванага замежнага СМІ. У новым законапраекце толькі ўдакладняюцца некаторыя фармулёўкі, але прынцыпова норма аб правілах рэгістрацыі ў частцы замежнага фінансавання не змяняецца.
Вось як выглядае сённяшняя фармулёўка ў законе аб СМІ, наконт адмовы ў рэгістрацыі праз замежнае фінансаванне (арт. 15. пункт 1.5):
А вось як яе прапануюць змяніць:
Нагадаем, Палата прадстаўнікоў можа разгледзіць папраўкі да закону аб СМІ ужо 19 красавіка.