Дырэктарка брэсцкага рынка, якая стала мемам, звярнулася ў міліцыю: просіць пакараць жартаўнікоў за фаташоп
Пра выпадак паведамляе Kyky.org. У выданне прыйшла папера з брэсцкай міліцыі. Наталля Ільніцкая паскардзілася на «выявы з яўнымі прызнакамі апрацоўкі фотаздымкаў» і міліцыя просіць журналістаў з Kyky.org прадаставіць звесткі аўтараў мемаў з Ільніцкай, падборку якіх публікаваў партал.
Сама Ільніцкая паведаміла «Нашай Ніве», што хоча, каб усе мемы з ёй зніклі з інтэрнэта.
«Трэба каб іх прыбралі з усіх сайтаў. А тых хто рабіў, пакаралі штрафамі», — кажа жанчына.
Яе народная творчасць вельмі абразіла.
«Замест майго фота сваё выстаўце! У якім я там выглядзе, у інтэрнэце! Гэта ж ганьба, гэта трэба зусім сумленне згубіць, каб такое рабіць! — абурылася Ільніцкая. — Нічога, міліцыя штосьці зробіць, я ўпэўненая. Ёсць жа, напэўна, нейкі закон».
Нагадаем, Наталля Ільніцкая — дырэктарка брэсцкага рынка «Лагуна». Яна стала папулярнай, калі ў сеціве заўважылі карпаратыўныя здымкі, на якіх Ільніцкая выглядала нязграбна дамаляванай у фаташопе.
Праўда, сама жанчына катэгарычна настойвала, што ўсе фота — сапраўдныя.