• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    World Press Photo 2018 у Мінску — ад 23 траўня!

    Культурніцка-адукацыйны цэнтр ЦЭХ і каманда фундацыі «Сусветнае прэс-фота» запрашаюць вас на выставу «Сусветнае прэс-фота — 2018» у Беларусі.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/snimok_90.jpg

    Міжнародная выстава World Press Pho­to 2018, на якой можна будзе пабачыць найлепшыя сусветныя прэс-фатаграфіі 2017 года, прыедзе неўзабаве ў Беларусь. Культурніцка-адукацыйны цэнтр ЦЭХ прывозіць выставу ў Мінск ужо трэці раз. Сёлета таксама адбудзецца пашырэнне беларускай геаграфіі «Прэс-фота» – сусветна вядомы праект упершыню пабачаць і ў Гродне.

    Фотаконкурс «Сусветнае прэс-фота – 2018», вынікі якога прадэманструюць дзве беларускія выставы, сабраў 4548 фатографаў са 125 краінаў, якія заявілі на конкурс 73 044 выявы. Журы, у склад якога ўвайшлі аўтарытэтныя фатографы і фотарэдактары з усяго свету, адзначыла найлепшых фатографаў з усяго свету ў васьмі намінацыях («Пільныя навіны», «Агульныя навіны», «Актуальныя тэмы», «Людзі», «Экалогія», «Прырода», «Спорт», «Працяглыя праекты»). Тытул «Сусветнае прэс-фота – 2018» атрымала праца Ранальда Шэміта. Гэты венесуэльскі фатограф зрабіў для мексіканскай філіі «Agence France-Presse» здымак ахопленага агнём пратэстоўца падчас антыўрадавых выступаў у Каракасе 3 мая 2017 года.

    12 красавіка 2018 года фатографаў-пераможцаў запрасілі ў Амстэрдам, дзе ўручылі ўзнагароду «Залатое вока» падчас арганізаванага фундацыяй «Сусветнае прэс-фота» Фестывалю візуальнай журналістыкі. Фотаздымкі, якія перамаглі ў конкурсе «Сусветнае прэс-фота», як і ў папярэднія гады, утварылі міжнародную перасоўную выставу. У 2018 годзе выставу «Сусветнае прэс-фота» ўжо пяты раз прымае Беларусь (апошнія тры гады афіцыйным партнёрам праекту выступае культурніцка-адукацыйны цэнтр ЦЭХ). Сёлетняя экспазіцыя надрукаваная на шырокафарматных «Canon» і планшэтных друкарках «Ari­zona».

    У 1955 годзе група галандскіх фатографаў арганізавала міжнародны конкурс «Сусветнае прэс-фота», каб паказаць свае працы аўдыторыі па ўсёй планеце. З таго часу конкурс развіўся ў найбольш прэстыжнае на свеце спаборніцтва фатографаў, а выставы конкурсу ладзяцца больш як у 100 гарадах 45 краінаў.

     

    Цягам 60 гадоў, калі фундацыя «Сусветнае прэс-фота» працавала ў сваёй сядзібе ў Амстэрдаме як творчая, незалежная, некамерцыйная арганізацыя, свет няспынна змяняўся, і новыя распрацоўкі ў медыях ды тэхналогіях унеслі змены ў журналістыку і сторытэлінг. Місія фундацыі пашырылася, галоўная задача цяпер – правесці журналістаў, сторытэлераў і іхных гледачоў праз увесь свет, па яго поўным выклікаў неверагодным ландшафце.

    Арганізатары конкурсу вераць у моц выявы і важнасць дэманстрацыі высакаякасных візуальных гісторыяў. Іхная мэта – далучыць свету да гісторыяў, якія маюць значэнне.

    Мы ўпэўненыя, што фатаграфія мае важнае значэнне ў медыйным полі Беларусі, і што яе падтрымка, як і падтрымка незалежнай журналістыкі, – адна з галоўных задачаў у фармаванні грамадзянскай супольнасці. І тэматычная разнастайнасць і прафесіяналізм фотапрацаў, рэпрэзентаваных у межах конкурсу «Сусветнае прэс-фота», несумненна спрыяюць гэтаму.

    Экспазіцыя ў Менску будзе адкрытая для наведвання з 23 мая да 12 чэрвеня на адрасе: пр‑т Машэрава 9, корпус 8 (у прасторы культцэнтру КОРПУС, час працы з 12:00 да 21:00, кошт квітка – 5 рублёў, ільготны – 2,5. Для журналістаў уваход вольны).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці