“Планета людзей” на выставе ў фотаклубе” Гродна”
Фатограф Алесь Пасечнік паказвае свае здымкі з падарожжаў па свеце на выставе “Планета людзей”. Выстава адчынілася 14 чэрвеня 2018 года ў памяшканні фотаклуба “Гродна”.
Прадстаўленыя фотаздымкі з падарожжаў па Аўстраліі, Малазіі, Інданэзіі, Мазамбіка, Танзаніі, выспы Ява ды іншых. Першыя здымкі з гэтай серыі, якая называлася “Людзі свету”, былі зробленыя яшчэ 11 год таму.
Па словах аўтара фота, найбольш цяжка было працаваць у Афрыцы, асабліва ў заходняй яе частцы, дзе рспаўсюджана культура вуду.
«Там людзі не паказваюць схільнасці да сяброўскіх адносін, і ў большасці нават агрэсіўныя. Яны пры выглядзе фотакамеры пачынаюць нервавацца, лаяцца на сваёй мове. Даводзілася хаваць камеру, збягаць, таму што ледзь не камянямі ў мяне кідалі. Што тычыцца Усходняй часткі Афрыкі, я быў у Кеніі і Танзаніі, — там больш спакойна», — распавёў Алесь Пасечнік.
Алесь расказаў гісторыю, як падчас падарожжа ў Эквадоры ў яго скралі фотаапарат:
— У горадзе Гуакіл у мяне прота зрэзалі фотакамеру нажом. Добра, што застаўся жывы. У такой крымінальнай краіне, як Эквадор я дапусціў памылку, бо вяртаўся адзін дадому. Недалёка ад порта мяне штурхнулі: адзін з аднаго боку, другі з іншага. Я нічога не зразумеў, але ўбачыў што ў розныя бакі разбягаюцца дзеці. А ў іх — мой заплечнік з фотакамерай. Тады ў мяне быў Canon 350d
На выставе прадстаўлена малая частка здымкаў Алеся Пасечніка, бо памяшканне клуба дазваляе паказаць не больш за 40 работ. Фатограф плануе ў 2018 годзе яшчэ некалькі падарожжаў па экзатычных краінах, а саму выставу можна паглядзець у Гродне да пачатку ліпеня.