• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд у Маскве аштрафаваў «Радыё Свабода» на паўтары тысячы даляраў

    Судзьдзя Цьвярскога раёну Масквы сёньня прызначыў штраф мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ /РС) ў памеры 100 тысяч рублёў (прыкладна паўтары тысячы даляраў) паводле пазову міністэрства юстыцыі Расеі — за «непадаваньне органам дзяржаўнай улады фінансавай інфармацыі, якая вынікае з абавязкаў няўрадавай арганізацыі, якая выконвае функцыі «​замежнага агента»​.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/9c155f00-eef6-4740-a3ce-06237d8c28f5_w1023_r1_s.jpg

    Як патлумачыла падчас судовага паседжаньня юрыст мэдыякарпарацыі, РСЭ /РС не магла падаць дакумэнты ў вызначаны тэрмін, паколькі міністэрства юстыцыі РФ, нягледзячы на неаднаразовыя звароты, не растлумачыла дакладны парадак іх запаўненьня, а правілы справаздачнасьці для «СМІ-замежных агентаў» уступілі ў сілу ўжо пасьля заканчэньня вызначанага законам тэрміну падачы справаздачы.

    Кіраўніцтва РСЭ /РС разглядае варыянты прававога рэагаваньня на рашэньне суда.

    Як заявіў прэзыдэнт РСЭ/ РС Том Кент, ужываньне закону «аб СМІ-замежных агентах» супраць мэдыякарпарацыі можа прывесьці да крымінальнага перасьледу яе маскоўскага прадстаўніцтва і яе супрацоўнікаў у Расеі і ўяўляць сур’ёзную пагрозу іх дзейнасьці.

    Судовы працэс супраць РСЭ/РС — новае зьвяно ў сэрыі спробаў расейскіх уладаў перашкодзіць працы мэдыякарпарацыі і разьвязаць кампанію падазронасьці супраць яе журналістаў, лічыць Том Кент.

    Том Кент

    На думку прэзыдэнта РСЭ/РС, закон «аб СМІ-замежных агентах», які ўступіў у сілу ў сьнежні летась, ад пачатку ставіў перад сабой палітычныя мэты.

    «З усіх замежных сродкаў масавай інфармацыі, якія працуюць у Расеі, толькі СМІ, фінансаваньне якіх ажыцьцяўляецца на падставе грантаў Кангрэсу ЗША, надзеленыя статусам „замежных агентаў“. Толькі гэтыя СМІ сталі абʼектам заблытаных і невыразных патрабаваньняў расейскага закону. Мы разглядаем гэты закон, як накіраваны выключна супраць нас. Законы ЗША гарантуюць рэдакцыйную незалежнасьць нашай карпарацыі. Любыя здагадкі аб тым, што РСЭ/ РС зьяўляецца агентам якога-небудзь ураду, зьяўляюцца ілжывымі. Такія здагадкі ўжо адбіліся на нашых магчымасьцях працаваць у Расеі, яны ўяўляюць сабой пагрозу для нашых супрацоўнікаў у Расеі».

    Улады абвінавачваюць Радыё Свабода ў спробах падарваць палітычную сыстэму Расеі

    На працягу апошняга году афіцыйныя расейскія прадстаўнікі і зьвязаныя з Крамлём сродкі масавай інфармацыі абвінавачваюць мэдыякарпарацыю РСЭ/РС і «Голас Амэрыкі» ў спробах падарваць палітычную сыстэму Расеі.

    Карэспандэнт РСЭ/РС у анэксаваным Расеяй Крыме Мікалай Семена ў верасьні 2017 году быў прыгавораны да ўмоўнага тэрміну зьняволеньня за «заклікі да сэпаратызму». Іншы пазаштатны супрацоўнік карпарацыі, Станіслаў Асаеў, каля году знаходзіцца пад вартай у зьняволеньні ў сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны паводле абвінавачваньняў у шпіянажы.

    Карэспандэнты Расейскай службы Радыё Свабода летам мінулага году сталі ахвярамі нападу падчас выкананьня рэдакцыйнага заданьня ў Краснадарскім краі. У чэрвені 2018 году расейскія прадстаўнікі запатрабавалі выдаленьня з аднаго з сайтаў РСЭ/РС двух публікацыяў, адна зь якіх распавядала пра катаваньні затрыманых у паліцыі на тэрыторыі Чачні.

    І раней расейскія ўлады выкарыстоўвалі юрыдычныя мэханізмы для таго, каб абцяжарыць дзейнасьць РСЭ/ РС. У пачатку 2000‑х гадоў рэгіянальныя радыёстанцыі, якія рэтрансьлявалі Радыё Свабода, былі абвінавачаныя ў невыкананьні правілаў пажарнай бясьпекі і фінансавых парушэньнях. Партнэрская сетка, якая ўключала ў сябе каля 35 радыёстанцыяў, у выніку была разбураная. З 2012 году Радыё Свабода пазбаўленая магчымасьцяў эфірнага вяшчаньня на тэрыторыі Расеі.

    Расейскія прадстаўнікі шматкроць сьцвярджалі, што «закон аб СМІ-замежных агентах» зьяўляецца «люстэркавай рэакцыяй» на патрабаваньні амэрыканскага заканадаўства аб рэгістрацыі тэлеканалу RT ў якасьці «замежнага агента».

    Кіраўніцтва РСЭ/РС вітала б такую сытуацыя, пры якой мэдыякарпарацыя дзейнічала б у Расеі на тых жа ўмовах, на якіх тэлеканал RT працуе ў ЗША.

    RT ажыцьцяўляе кругласутачнае тэлевяшчаньне ў кабэльных сетках па ўсёй тэрыторыі ЗША, у той час як доступ да кабэльных сетак і эфірнага тэле- і радыёвяшчаньня для замежных СМІ ў Расеі значна абмежаваны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці