Палітвязні ў кіно: гродзенскі прагляд
Фільм пад назвай “Паралелі. Такое рознае падабенства” паказалі гродзенцам ў Цэнтры гарадскога жыцця 30 верасня.
Над фільмам, што паказвае падобныя гісторыі жанчын-палітвязняў з розніцай амаль у 60 гадоў працавалі амаль 20 гадоў. Пра гісторыю стварэння кінастужкі распавядае рэжысёр Віктар Корзун:
— Дзесьці з 1996 года мы рабілі архіўныя запісы былых палітвязняў саветскіх часоў. Запісвалі гэтых людзей ледзь не да 2014 года. А пасля 2010 года запісвалі ўжо маладых сучасных палітвязняў. Рэдагуючы архіўныя запісы я заўважыў, што вельмі просіцца паставіць побач дзве гісторыі. Супаставіць сённяшнія падзеі, расповеды з перажываннямі палітвязняў савецкага часу. Так атрымалася, што з розніцай ў гадоў пяцьдзесят. І ўзросты былі падобныя ў дзвюх кабет, і самі расповеды неяк рыфмаваліся.
Віктар Корзун падкрэсліў, што асноўнай цяжкасцю пры здымках фільма былі ў тым, што і мінулыя, і сучасныя палітвязні не даюць інтэрв’ю на кожным кроку. Падступіцца да іх вельмі складана:
— Але ў нас былі добрыя рэкамендацыі, паколькі мы з 96 года запісвалі іх жа, то былі добра знаёмыя. А некаторыя так і не далі нам інтэрв’ю, бо баяцца ўжо не за сябе, а за дзяцей ці нават унукаў. Яны адчуваюць, што лепш перастрахавацца. Страх застаўся з савецкіх часоў.
Прадзюсарам фільма выступіла рок-спявачка і журналістка Кася Камоцкая. Паводле яе слоў, пры падрыхтоўцы фільма “Паралелі. Такое рознае падабенства” ўзніклі цяжкасці з савецкай хронікай, якая таксама ёсць у гэтай кінастужцы.
— Хранікальныя здымкі ў нас абмежаваныя, і могуць быць цяжкасці з выкупам хронікі. Я была таксама інтэрв’юерам у гэтым кіно і цяжка было пачынаць размову з людзьмі сталага веку. Я не ведала наколькі можна, так бы мовіць, “лезці ў душу”, а гэтыя людзі не пускаюць у сваё жыццё чужых. Напэўна там ужо моцна напаскудзілі ў гэтай душы. Вось гэта была складанасць. Не схлушу: калі казала, што я Кася Камоцкая – і яны ведалі мае песні – гэта давала мне магчымасць шчыра, па-чалавечы размаўляць. Бо людзі нават сваім дзецям не распавядалі, што яны сядзелі “за савецкім часам” за патрыятычныя перакананні.
Аздабленнем імпрэзы стаў невялікі канцэрт Касі Камоцкай, якая выканала некалькі песень з “Народнага альбома” і з рэпертуару гурта “Новае Неба”.