Суд пакінуў без зменаў прысуд журналісту Змітру Галко — 4 гады «хіміі»
9 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе разглядаецца апеляцыя Змітра Галко. Журналіста чакаюць 4 гады “хіміі”, да якіх ён прысуджаны за напад на міліцыянта.
У зале тры суддзі. Галко просіць адмяніць прысуд і накіраваць справу на новы разгляд.
Яго адвакатка кажа, што немагчыма пагадзіцца з прысудам, бо шмат што ў справе журналіста не адпавядае рэчаіснасці. Таксама яна сцвярджае, што абмежаванне волі — гэта занадта жорсткае пакаранне ў дадзеным выпадку, бо Галко павінен гадаваць двух непаўналетніх дзяцей і даглядаць за маці сталага веку.
Яна звяртае ўвагу суда на прэзумпцыю законнасці усіх дзеянняў міліцыі і на тое, што ўся “справа Галко” пабудаваная на паказаннях міліцыянтаў, у якіх шмат неадпаведнасцяў.
Пракурор, аднак жа, пярэчыць: прысуд справядлівы, супярэчнасцяў у справе няма.
Прыкладна ў 10:45 у судзе быў абвешчаны перапынак на прыняццё рашэння па апеляцыі. А ўжо ў 11:05 стала вядома, што прысуд Змітру Галко пакінуты без зменаў. Толькі суму выплаты зменшылі на адзін рубель.