• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Гомелі міліцыя пераследуе тых, хто трапіў у кадр “Белсата”

    Фрылансер з Рэчыцы, сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Мядзведзеў нямала быў здзіўлены, калі  да яго прыехаў участковы інспектар РАУС Аляксей Цімошчанка апытаць на прадмет незаконнага вырабу прадукцыі СМІ для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.

    Патрабаванне на апытанне і складанне пратаколу паступіла ў Рэчыцкі РАУС ад старшага інспектара ўпраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гомельскага аблвыканкама, падпалкоўніка міліцыі А.Зуева. Падчас маніторынгу сайта інспектар вырашыў, што раз Андрэй Мядзведзеў разам з героем сюжэту “Змагаешся за свае правы – будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў” трапіў у кадр, значыць, незаконна вырабіў і распаўсюдзіў прадукцыю СМІ.

    “Я адмовіўся даваць  нейкія тлумачэнні з прычыны абсурднасці прэтэнзіяў”, — паведаміў  Службе маніторынгу БАЖ фрылансер Мядзведзеў. — Калі я ў кадры разам з героем чытаю афіцыйныя паперы, значыць, нас здымае нехта іншы. Думаю, мяне запалохваюць прывентыўна, каб  і не думаў збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, а тым больш пра дзеянні ўладных структураў”.

     У сюжэце, змешчаным 13 верасня са сайце “Белсата” пад назовам “Змагаешся за свае правы — будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў”, гаворка ішла пра жыхара Рэчыцы Дзяніса Барсукова, супраць якога  міліцыя аднавіла закрытую паўгода таму крымінальную справу нібыта за махлярства з тэлефонамі.

    Сам Барсукоў звязвае “рэанімацыю” прэтэнзій міліцыі з ліпенскім канфліктам у мясцовай палікліцы, дзе ён праходзіў медкамісію, каб уладкавацца на працу. Велізарныя чэргі ды зачыненыя кабінеты дактароў расцягнулі паход у паліклініку на 5 дзён. Дзяніс меўся з гэтай нагоды зрабіць запіс у кнігу скаргаў і прапаноў. Аднак яму адказалі, што “кнігу скаргаў яшчэ друкуюць”. Тады мужчына стаў здымаць на відэа  беспарадкі з прыёмам пацыентаў. На гэта нервова адрэагавала доктарка Алена Цямчык.

    Штурханіна паміж доктаркай і пацыентам скончылася ўзаемнымі заявамі ў міліцыю. Відэа з’явілася ў інтэрнэце. Аднак праваахоўнікі дагэтуль не скончылі праверку. А да таго ж аднавілі закрытую крымінальную справу, не паведаміўшы пра тое самому фігуранту.

    Медкамісію Дзяніс Барсукоў хоць і з перашкодамі, але ўрэшце ўсё ж такі прайшоў. Лекары прызналі яго здаровым і прыдатным для прапанаванай працы. Але адрабіў малады мужчына толькі адзін дзень. На працы яму стала блага, і яго амаль на месяц паклалі ў шпіталь.

    Калі ж Дзяніс Барсукоў выпісаўся і прыйшоў на прадпрыемства,то даведаўся, што яго звольнілі. А ў мужчыны праблемы з сэрцам, і  не толькі. Працягваць лекавацца Барсукову проста няма за што: ён ужо год жыве з бацькам на 300 рублёў пенсіі апошняга.

    Фрылансер Мядзведзеў з яшчэ адным рэчычаніным трапіў у сюжэт “Белсату”, калі разглядаў шматлікія афіцыйныя дакументы Барсукова. Праўдападобна, у міліцыі палічылі, што гэтага дастаткова, каб абвінаваціць журналіста ў адміністрацыйным правапарушэнні.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці