• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Галко зьехаў ва Ўкраіну ад 4 гадоў «хіміі» ў Беларусі. Аказалася, так можна

    Беларускі журналіст Зьміцер Галко, асуджаны ў Беларусі на 4 гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу за «напад на міліцыянта», зьехаў ва Ўкраіну. Гэта пацьвердзіў Свабодзе ягоны бацька Мікалай — а затым і сам Зьміцер, які расказаў, што фармальна ён ня ўцёк, а зьехаў легальна. Цяпер ён у Марыюпалі, дзе жыве ягоная жонка зь дзіцём.​

    Зьміцер Галко ў судзе, архіўнае фота

    Сам Зьміцер Галко апублікаваў на Face­book пост, у якім перадаў прывітаньне «з волі» і «чорныя прамяні кармы ўсім, хто робіць мяне выгнанцам». Абвінавачваньне супраць яго Галко называе фальсыфікаваным. На здымку ён ля мора зь дзіцём — піша, «гэтаму малышу я пакуль больш патрэбны, чым вам».

    Можна было проста ўзяць і паехаць. Ёсьць даведка!

    Як расказаў Зьміцер Галко Свабодзе, перад тым, як ён мусіў пачаць адбываць пакараньне, ён вырашыў паспрабаваць узяць у беларускім Дэпартамэнце па міграцыі даведку аб тым, ці абмежаваны яму выезд за мяжу. Аказалася, што не абмежаваны.

    «Я быў вельмі гэтым зьдзіўлены, — кажа Галко. — Нехта са сваякоў казаў, што мо арыштуюць на мяжы. Але я падумаў: у мяне яшчэ ёсьць час, я яшчэ не павінен там зьявіцца, дык чаму я не магу зьезьдзіць да свайго дзіцёнка? Сабраў рэчы, паехаў. Мяне прапусьцілі, нават на хвіліну не затрымалі. Паглядзелі пашпарт — усё, „шчасьлівай дарогі!“

    Так што я ня ўцёк, я скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам на свабоду перасоўваньня».

     

    Але цяпер Галко не зьбіраецца вяртацца ў Беларусь: ён мяркуе, што яго могуць асудзіць за ўхіленьне адбываньня пакараньня. За гэта паводле арт. 415 КК РБ могуць даць ужо не абмежаваньне, а пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў. Ён адзначае, што за кратамі сустракаў людзей, якія ўхіляліся ад «хіміі», але іх не каралі дадаткова, а проста этапавалі на адбываньне пакараньня, але мяркуе, што ў ягоным выпадку «стаўкі падрасьлі».

    Галко ня ўпэўнены, ці дадуць яму палітычны прытулак, але шукае працу журналістам

    Адразу прасіць палітычны прытулак ён не зьбіраецца — хоча пачаць са спробы атрымаць від на жыхарства ва Ўкраіне. Толькі калі ня выйдзе і калі будзе пагражаць экстрадыцыя, Галко будзе спрабаваць атрымаць прытулак з дапамогай праваабарончай арганізацыі «Право на захист».

    «Я разумею палітычную сытуацыю: тут у іх [кіраўніцтва Ўкраіны і Беларусі. — РС] нейкае сяброўства наладжваецца, яны відавочна не захочуць канфлікту, — разважае Галко. — Даваць палітычны прытулак ва Ўкраіне чалавеку, якога засудзілі ў Беларусі, гэта пэўны выклік. У Парашэнкі хутка выбары, наўрад ці гэта нехта захоча рабіць».

    Ва Ўкраіне Галко, вядомы перадусім працай у выданьні «Беларускі партызан», зьбіраецца знайсьці журналісцкую працу — але хоча, калі выйдзе, каб праца неяк была зьвязаная зь Беларусьсю і беларускімі навінамі.

    «Я ўсё-ткі адчуваю сябе больш зьвязаным зь Беларусьсю, — разважае Галко. — Хацелася бы пісаць, можа, пра беларуска-ўкраінскія стасункі. Але хацелася б быць менавіта журналістам.

    Мяне гэта турбавала найбольш: на „хіміі“ будуць выкрасьленыя з прафэсійнага жыцьця чатыры гады. Магчыма, гэта ня так страшна. Магчыма, гэта было бы мне на карысьць, пачытаць-падумаць… Але ў прафэсійным сэнсе гэта кепска. І як для бацькі малога дзіцяці. Таму я зрабіў такі выбар».

    ***

    25 лістапада 2017 году ў менскай кватэры сын журналіста зь сябрамі-падлеткамі адзначаў свой дзень народзінаў. У кватэры знаходзіўся і Зьміцер Галко. Супрацоўнікі міліцыі, як мяркуе журналіст, незаконна ўварваліся ў кватэру, дзе без дазволу пачалі праводзіць відэаздымку і затрыманьні.

    Паводле міліцыянта Юрыя Чыркова, Галко аказваў яму супраціў, разьбіў мабільны тэлефон і двойчы ўдарыў. Сам Галко гэта адмаўляе. Сваёй віны не прызнаў.

    Паводле сьведак, некаторыя ўдзельнікі адзначэньня дня народзінаў, у тым ліку непаўналетнія, былі нападпітку. Міліцыянты сьцьвярджалі, што нецьвярозы быў і Галко, чаго сам ён у судзе не прызнаў.

    На Галко спачатку склалі толькі адміністрацыйны пратакол за «лаянку на вуліцы», толькі пасьля завялі крымінальную справу за «напад на міліцыянта» (і ўжо не на вуліцы, а ў кватэры). Пасьля інцыдэнту Зьміцер Галко з сынам зьехалі ва ўкраінскі Марыюпаль. 22 красавіка, падчас вяртаньня ў Менск, Зьмітра Галко затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы.

    17 ліпеня Галко прысудзілі 4 гады «хіміі». Таксама суд пастанавіў спагнаць з Галко 850 рублёў кампэнсацыі для пацярпелых. У пачатку мінулага месяца суд разглядзеў апэляцыю і пакінуў вырак у сіле, пастанавіў толькі зьнізіць кампэнсацыю за судовыя выдаткі з 18 рублёў 18 капеек да 18 капеек.

    Шэраг праваабарончых арганізацыяў Беларусі і Беларуская асацыяцыя журналістаў 26 ліпеня прынялі сумесную заяву аб справе Галко.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці