• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пасля скаргі БТ з Ютуба выдалілі амаль усе ролікі палітычнага блогера Nexta

    Сцяпан Пуціла, больш вядомы як відэаблогер Nexta, пазбавіўся амаль усіх сваіх відэа. Іх выдалілі з Ютуба пасля скаргі Белтэлерадыёкампаніі.

    Сцяпан — сын журналіста «Белсата» Аляксандра Пуцілы. Хлопец супрацоўнічае з «Белсатам» пад псеўданімам «Сцяпан Святлоў» і вядзе свой персанальны відэаблог. Ён мае 192 тысячы падпісчыкаў.

    Блогер набраў папулярнасць праз відэаролікі з крыклівымі загалоўкамі ў стылі «Хартыі-97», прысвечаныя грамадска-палітычнаму жыццю Беларусі. У роліках хлопец часта выкарыстоўваў відэа дзяржаўных тэлеканалаў, аднак даваў ім свой каментар.

    Цяпер на канале толькі некалькі відэа. Астатні кантэнт выдалены.

    Як тлумачыць сам блогер, прычынай сталі скаргі дзяржаўных тэлеканалаў. На яго раней скардзіліся і супрацоўнікі СТБ, і Іван Эйсмант, кіраўнік БТ. Спачатку яны апелявалі да выкарыстання гандлёвых знакаў (лагатыпаў) тэлеканалаў. Пасля пачалі скардзіцца на выкарыстанне відэа, то бок, на парушэнне аўтарскіх правоў. Гэта спрацавала. Спачатку выдалілі два відэаролікі.

    Пасля да скаргаў далучыўся і канал АНТ. У выніку Ютуб заблакаваў амаль усе відэа блогера.

    Сам Сцяпан Пуціла сцвярджае, што цытаваў відэа. А гэта, на яго думку, дазволена заканадаўствам Беларусі. Разам з тым Ютуб, прымаючы тое ці іншае рашэнне, кіруецца амерыканскім заканадаўствам.

    Сцяпан Пуціла жыве і вучыцца ў Польшчы. Але ўзімку ў кватэры яго бацькоў у Мінску прайшоў вобшук. Гэта было звязана з дзейнасцю блогера, бо на яго нібыта паскардзіліся за абразу Лукашэнкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці